Скандальная пастанова № 991 адмененая

Беларускія прадпрыемствы зноў могуць карыстацца паслугамі пасрэднікаў Беларускі ўрад 4 жніўня адмяніў пастанову № 991 "Аб некаторых пытаннях набыцця тавараў на тэрыторыі Беларусі".

Перад гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў выправіць негатыўную сітуацыю, што склалася пасля прыняцця пастановы. У выніку яна была адмененая, перадае БелаПАН.

Дакумент, які набыў моц 1 жніўня, забараняў пасрэднікаў пры набыцці айчынных і імпартных тавараў на тэрыторыі нашай краіны. Згодна з пастановай, юрасобы павінны набываць тавары толькі ў тых пастаўшчыкоў, якія з'яўляюцца вытворцамі, або іх афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.

Пералікі такіх прадстаўнікоў павінны былі зацвярджацца рэспубліканскімі і мясцовымі органамі дзяржкіравання па ўзгадненні з віцэ-прэм'ерамі, якія курыруюць адпаведныя сферы эканомікі.

Для ўключэння ў пералік афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў неабходна было прадставіць эканамічнае абгрунтаванне набыцця тавараў у пастаўшчыка.

Пастанова выклікала рэзкую крытыку прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, якія запатрабавалі ад урада адмены гэтага дакумента.

Фота: government.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі