Следчы камітэт заяўляе, што кошт яго сайта — канфідэнцыйная інфармацыя
Такі адказ атрымалі журналісты інтэрнэт-газеты "Ежедневник".
Журналісты інтэрнэт-газеты "Ежедневник" некалькі месяцаў спрабавалі даведацца, чаму так дорага каштуе распрацоўка сайта Следчага камітэта. Сайт, запушчаны ў верасні 2014 года, каштаваў бюджэту 825 мільёнаў рублёў (каля 80 тысяч долараў на той час). Пераможцам тэндэру было прызнанае ААТ "Цэнтр банкаўскіх тэхналогій". Журналісты спасылаліся на словы экспертаў, што аналагічныя сайты дзяржорганаў каштавалі ў некалькі разоў танней.
Пытанне пра сайт Следчага камітэта рэдактар "Ежедневника" Сяргей Сацук задаў на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі 29 студзеня 2015 года. На наступны дзень кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Косінец даручыў старшыні Следчага камітэта Валянціну Шаеву паведаміць поўную калькуляцыю кошту сайта, каб не было больш пытанняў.
Нядаўна журналісты нарэйшце атрымалі адказ са Следчага камітэта. У ім паведамляецца, што звесткі аб кошце на распрацоўку сайта з'яўляюцца канфідэнцыйнай інфармацыяй, бо так дамовіліся Следчы камітэт і ААТ "Цэнтр банкаўскіх тэхналогій". Па словах прадстаўнікоў Следчага камітэта, гэта тлумачыцца пытаннямі інфармацыйнай бяспекі сілавой структуры.
Журналіст Сацук апісаў стыль сустрэчы з Косінцам: я начальнік — ты дурань
Фота — БЕЛТА