Служба бяспекі прэзідэнта атрымала паўнамоцтвы КДБ

Старшыню Вярхоўнага Савета 12 склікання Станіслава Шушкевіча ахоўвалі максімум 9 супрацоўнікаў КДБ, колькасць ахоўнікаў цяперашняга кіраўніка дзяржавы засакрэчана.
8 траўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў новы закон “Аб дзяржаўнай ахове”. Паводле яго, права на ахову маюць прэзідэнт, прэм’ер-міністр, старшыні абедзвюх палат парламента, кіраўнікі замежных дзяржаў і ўрадаў, члены іх сем’яў і іншыя замежныя дзяржаўныя дзеячы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

Прэзідэнту, паўнамоцтвы якога спыняюцца, ахова даецца з ягонай згоды пажыццёва. У часе выканання прэзідэнцкіх абавязкаў ахова даецца не толькі кіраўніку дзяржавы, але і членам яго сям’і, якія пражываюць разам з ім ці суправаджаюць прэзідэнта.

Служба бяспекі кіраўніка дзяржавы атрымала правы праводзіць аператыўна-вышуковую дзейнасць, ствараць падраздзяленні спецыяльнага прызначэння. Ахоўнікі маюць права ў любы час сутак уваходзіць у жылыя памяшканні ці іншыя законныя ўладанні грамадзян. Што цікава: Служба бяспекі можа ўламацца ў ваш дом, выбіўшы дзверы і не маючы на руках санкцыі пракурора – пасля “аперацыі” варта толькі давесці да ведама пракурора тое, што здарылася.

Ахоўнікі прэзідэнта ператвараюцца ў спецслужбу – нароўні КДБ, мяркуе падпалкоўнік запасу камітэта дзяржбаспекі Валерый Костка.

Валерый Костка: “Паўнамоцтвы шырокія, склад дастаткова вялікі, яны маюць права праводзіць і агентурна-аператыўную працу, пошукавыя мерапрыемствы. Функцыі ў яе – як у звычайнай спецслужбы”.

Але ж так было не заўсёды. Пра сваю ахову расказвае старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч – былы кіраўнік Беларусі:

Станіслаў Шушкевіч: “КДБ займалася – там была спецыяльная каманда. І ўся ахова разам: дом, служба, дача, — уся каманда разам з іх начальнікам складалася з дзевяці чалавек. Яны займаліся і іншымі справамі, але маглі прыцягнуць да аховы да дзевяці чалавек. А цяпер – да дзвюх тысяч”.

За мяжу, напрыклад, у Рыо-дэ-Жанейра Станіслава Шушкевіча суправаджаў увогуле адзін “гэбэшнік” – астатнія заставаліся ў Беларусі і займаліся іншымі справамі. З якой світай Аляксандр Лукашэнка ездзіў вясной на адпачынак у Сербію – невядома дагэтуль: ці то 40 чалавек абслугі, ці то сто сорак.

Што ўяўляе сёння Служба бяспекі?

Станіслаў Шушкевіч: “Шчыра кажучы, я не ведаю. Але ў мяне такое ўражанне, што там такая ўжо хеўра вялікая і гэтулькі ўсіх – і машын, і людзей, што можна звар’яцець. У наш час гэта было, прыкладна, як сёння ў Чэхіі: заходзіш у міністэрства і сустракаешся з міністрам або прэм’ерам – там адзін-два чалавекі займаюцца аховай, і ўсё”.

Калі Шушкевіч з’яўляўся кіраўніком краіны ў дапрэзідэнцкую эпоху, то Аляксандр Вайтовіч узначальваў Савет Рэспублікі ўжо за Аляксандрам Лукашэнкам. Як ахоўвалі яго?

Аляксандр Вайтовіч: “Быў памочнік са Службы бяспекі. Адзін не можа выконваць усе абавязкі – мяняліся. Былі два кіроўцы, мяняліся: у мяне быў ненармаваны працоўны дзень”.

У замежных паездках, асабліва калі Аляксандр Вайтовіч выпраўляўся адзін, ахоўнікаў пры сабе не меў.

Былы галоўны сенатар здзіўлены паўнамоцтвамі, якімі надзелена Служба бяспекі. Гаворка ідзе, напрыклад, пра магчымасць увайсці ў кватэру без ордэра.

Аляксандр Вайтовіч: “Я ўвогуле не ведаю, навошта гэта патрэбна. Якую гэта сувязь мае з канкрэтнай асобай? Навошта гэта – я не разумею. Калі ў іх з’явіліся нейкія падазроныя звесткі наконт каго – дык ахоўвайце сваю асобу... Гэта, я лічу, зусім не яе функцыі, гэта функцыі другіх органаў”.

Колькасць “войска”, якое стаіць на ахове першай асобы дзяржавы, узведзена ў ранг дзяржаўнай таямніцы.

“Гэту лічбу ніхто адкрыта называць не будзе. Я фантазіраваць тут не хачу – я яе проста не ведаю; але, відаць, не слабая ахова, калі перакрываюцца дарогі... Калі народна абраныя кіраўнікі ідуць у народ, дык чаго іх ахоўваць ад народа?”. – задаецца рытарычным пытаннем падпалкоўнік КДБ Валерый Костка.

Еўрарадыё параўнала адпаведныя артыкулы законаў “Аб дзяржаўнай ахове” і “Аб органах дзяржаўнай бяспекі РБ”.

Выходзіць, што Служба бяспекі атрымала такія ж правы, як і КДБ: права ствараць падраздзяленні спецыяльнага прызначэння, ажыццяўляць аператыўна-вышуковую дзейнасць; уваходзіць бесперашкодна ў любы час сутак у жылыя памяшканні і іншыя законныя ўладанні грамадзян з наступным паведамленнем пра тое цягам 24 гадзін пракурору; прымяняць фізічную сілу, спецсродкі, баявую і спецыяльную тэхніку, прымяняць (выкарыстоўваць) зброю ў выпадках і ў парадку, прадугледжаных законам.

Незразумела толькі: навошта было дубляваць КДБ?

Служба бяспекі прэзідэнта, згодна з законам аб дзяржаўнай ахове ад 8 траўня, мае права:

-правяраць дакументы ды рабіць дагляд грамадзян, іхніх рэчаў, транспарту;

-без перашкодаў уваходзіць, выбіваючы, пры патрэбе, замкі і дзверы, у любы час сутак у жылыя памяшканні, іншыя законныя ўладанні грамадзян, памяшканні і аб’екты арганізацый без санкцыі пракурора; па факце ўварвання СБ мае цягам 24 гадзін паінфармаваць пра тое пракурора;

-у неадкладных сітуацыях выкарыстоўваць транспартныя сродкі арганізацый і грамадзян для выканання неадкладных службовых абавязкаў, якія звязаны з папярэджаннем злачынстваў; расходы па патрабаванні ўласніка транспарту ці сродку сувязі кампенсуюцца органам дзяржаўнай аховы;

- ужываць фізічную сілу, спецыяльныя сродкі, баявую і спецтэхніку; пры гэтым пра кожны выпадак супрацоўнік мусіць паведаміць свайму непасрэднаму начальніку;

- калі вынікам прымянення фізічнай сілы ці зброі стала раненне або смерць чалавека – тады інфармацыя перадаецца пракурору;

- ахоўнік не нясе адказнасці за шкоду, нанесеную ў сувязі з прымяненнем фізічнай сілы ці зброі, калі не перавысіў межаў неабходнай абароны пры затрыманні злачынцы, калі выконваў загад або распараджэнне кіраўніцтва, калі дзейнічаў ва ўмовах абгрунтаванай прафесійнай рызыкі ці крайняй неабходнасці;

- выкарыстоўваць у выпадку службовай неабходнасці дакументы, якія зашыфроўваюць асобу супрацоўніка органа дзяржаўнай бяспекі, ведамасную прыналежнасць транспарту, памяшканняў, падраздзяленняў;

- ахоўнікі прымяняюць зброю ў якасці крайняй меры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі