Смактуновіч прыйшоў на мяжу пешшу з тэрыторыі Беларусі — польскія памежнікі
Памежны пераход у Тэрэспалі
Дзмітрый Смактуновіч прыйшоў на польскую мяжу пешшу з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта ў каментары сайту "Зеркало" заявіў прэс-сакратар Надбужанскага аддзела памежнай службы Польшчы Дарыюш Сеніцкі.
Прадстаўнік польскай Памежнай службы заявіў, што зранку 12 чэрвеня пункт пропуску "Цярэспаль" быў перакрыты, бо з тэрыторыі Беларусі пешшу з'явіўся мужчына, а там перасякаць мяжу можна толькі на аўтамабілях.
"Гэты чалавек прыйшоў пешшу з тэрыторыі Беларусі, яго развярнулі яшчэ на мосце праз Буг, перад уваходам на тэрыторыю памежнага пераходу. Ён нават не паспеў дайсці да тэрміналаў і быў затрыманы на лініі дзяржаўнай мяжы. Ужо знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, ён выйшаў за агароджу моста і спрабаваў саскочыць у раку. Пасля перамоваў з беларускімі службамі мужчына вярнуўся на дарогу і сышоў на тэрыторыю Беларусі", — каментуе Дарыюш Сеніцкі.
Ён абвяргае версію жонкі, што Смактуновіча затрымалі ў Беластоку, даставілі ў Цярэспаль і дэпартавалі з Польшчы.
Раней паведамлялася, што мужчыну, які працаваў таксоўцам ў Беластоку, затрымалі зранку 11 чэрвеня і дэпартавалі ў Беларусь. Ноч ён правёў на мяжы Польшчы і Беларусі, рабіў некалькі спробаў трапіць у Польшчу. Урэшце каля абеду 12 чэрвеня Смактуновіч перайшоў на беларускі бок мяжы.
Жонка беларуса паведамляла, што ён асцерагаецца палітычнага пераследу на радзіме. Аднак Памежны камітэт паведаміў, што ў мужчыны няма праблемаў з крымінальным заканадаўствам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.