У беларуса, дэпартаванага з Польшчы, няма праблем з законам — Памежны камітэт
Дзмітрый Смактуновіч на мяжы Польшчы і Беларусі
Дзмітрыю Смактуновічу, высланаму з Польшчы, не пагражае крымінальная адказнасць у Беларусі, заяўляе прэс-служба Памежнага камітэта.
"У грамадзяніна адсутнічаюць праблемы з беларускім заканадаўствам, і, такім чынам, ён бесперашкодна можа вярнуцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь", — заяўляюць у ведамстве.
Таксама памежнікі сцвярджаюць, што мужчыну аказваюць неабходную дапамогу, бо з Польшчы яго выправадзілі без сродкаў да існавання.
Пра дэпартацыю Дзмітрыя Смактуновіча стала вядома зранку 12 чэрвеня. Са словаў жонкі паведамлялася, што вяртанне на радзіму пагражае яму пераследам: беларус каментаваў у сацсетках падзеі ў Беларусі з 2020 года.
Паводле звестак польскіх памежнікаў, падставай для дэпартацыі Смактуновіча стаў яго ўдзел у нелегальнай перавозцы мігрантаў з Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.