СМІ: Беларусь выдала Расіі Мурада Амрыева
Беларусь выдала Расіі Мурада Амрыева, паведамляе “Новая газета”. Чачэнцу не дазволілі напісаць хадайніцтва аб прадастаўленні прытулку ў нашай краіне (гл. відэа па гэтай спасылцы). У другой палове дня 8 чэрвеня з Добрушскага РУУС выехалі дзве калоны па тры машыны. У адной з іх і вывезлі Амрыева. Яго перадалі расійскім праваахоўнікам на мяжы з Бранскай вобласцю.
Як паведамляла Еўрарадыё, чэмпіён свету па ММА Мурад Амрыеў з’ехаў з Расіі ў 2013 годзе. Ён распавядаў, што сілавікі яго катавалі ў Грозным, хацелі, каб з Германіі вярнуўся старэйшы брат. Днямі Амрыеў ехаў з Украіны ў Маскву, каб аформіць візу, але на мяжы яго затрымалі і завезлі ў Бранск. Мурада падазравалі ў выкарыстанні падробленых дакументаў, хаця ў пашпарце была абдрукоўка. Ён быў аб’яўлены ў федэральны вышук. 6 чэрвеня чачэнца фармальна вызвалілі і павезлі на допыт у транспартную пракуратуру. Ён пабачыў, што да будынка прыехалі чачэнскія паліцыянты, пазнаў сярод іх аднаго, які яго катаваў чатыры гады таму. Амрыеў здолеў пакінуць будынак і на машыне з сябрамі выехаў у Беларусь. У Беларусі яго затрымалі і змясцілі ў Добрушскі РАУС. Было заяўлена, што чачэнца чакае экстрадыцыя. Яна адбылася, нягледзячы на пратэсты праваабаронцаў, сям’і Мурада, якая заявіла, што ў Грозным яму пагражае смяротная небяспека.