СМІ: Гатэль каля цырка ў Мінску дабудуе расійскі "Сбербанк"

СМІ: Гатэль каля цырка ў Мінску дабудуе расійскі "Сбербанк"

Элітны гатэль са шматфункцыянальным комплексам каля цырку ў цэнтры Мінску будзе дабудоўваць расійскі "Сбербанк". Пра гэта паведамляе партал tut.by са спасылкай на некалькі інфармаваных крыніцаў.

Па словах аднаго з суразмоўцаў СМІ, комплекс перадалі "дачцэ" расійскага банка яшчэ напрыканцы 2016 года. Цяпер ідуць перамовы і ўзгадняюцца дэталі ўгоды. Хутэчй за ўсё, забудоўшчыкам будзе будаўнічая даччыная кампанія банка — "Ашчадбанк капітал", якая займаецца рэалізацыяй праблемных актываў банка.

Дарэчы, 12 студзеня ў Мінск прыязджаў прэзідэнт банка Герман Грэф. Ён сустракаўся з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Па выніках сустрэчы Грэф паведаміў журналістам, што яны змаглі знайсці "падыходы да вырашэння практычна ўсіх праблем, якія склаліся ў частцы тых складаных праектаў, якія намі фінансаваліся і апынуліся ў складанай сітуацыі". Кіраўнік расійскага банку дадаў, што аб'екты нерухомасці будуць праінвеставаныя на суму больш за 100 мільёнаў долараў, а потым прададзеныя. Назва праектаў пры гэтым не згадвалася.

Нагадаем, гатэль каля цырка мусілі цалкам здаць да 1 траўня 2014 года. Туды мусілі засяліцца госці чэмпіянату свету па хакеі, які ў той год праходзіў у Мінску. Будаўніцтвам займалася кампанія "Эліт Эстейт" — даччынае прадпрыемства групы кампаній "Трайпл". Пад будаўніцтва гатэля былі атрыманыя адпаведныя ільготы.

Аднак будаўніцтва затармазілася. Як казаў тагачасны старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, пад гатэлем, пабудаваным на самым беразе ракі нечакана выявіліся ненадзейныя вільготныя  глебы. А ў 2016 годзе будаўніцтва і зусім спынілася.

Паведамляецца, што інвестары ўжо ўклалі ў будаўніцтва больш за 100 млн долараў. А заканчэнне будаўніцтва запатрабуе яшчэ на каля 80 мільёнаў еўра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі