СМІ: Марадона заплаціць $10 тысяч за інфармацыю пра таго, хто яго "пахаваў"
Дыега Марадона заплаціць 10 тысяч долараў "за праўдзівую і дакладную інфармацыю" пра крыніцу, якая распаўсюджвае паведамленні пра яго смерць, інфармуе сайт ria.ru. У адным з месенджараў распаўсюджваліся аўдыёзапісы пра тое, што знакаміты аргенцінец быў шпіталізаваны і памёр ад спынення сэрца. Чалавек гаварыў з аргентынскім акцэнтам. Марадона прызнаўся, што шакіраваны гэтым і хоча разабрацца ў сітуацыі.
Нядаўна Дыега Марадона прысутнічаў у Санкт-Пецярбурзе на матчы чэмпіянату свету паміж зборнымі Аргентыны і Нігерыі. Яму стала кепска і ён не змог самастойна пакінуць трыбуну. Марадона патлумачыў гэта праблемай з шыяй, яго адвакат — скачком артэрыяльнага ціску.
Дыега Марадоне 57 гадоў. Ён — адзін з найлепшых футбалістаў ХХ стагоддзя, чэмпіён свету 1986 года ў складзе зборнай Аргентыны. У сярэдзіне траўня стала вядома, што Марадона — старшыня праўлення ФК "Дынама-Брэст". Да сваіх абавязкаў ён збіраецца прыступіць у ліпені пасля заканчэння чэмпіянату свету.