СМІ паведамляюць пра знішчэнне яшчэ аднаго пахавання польскіх салдат у Беларусі
Раней з зямлёй зраўнялі магілы польскіх салдат у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёна / twitter.com/PLinBelarus
Яшчэ адно пахаванне польскіх салдат знішчанае ў Беларусі. Зраўнавалі з зямлёй брацкую магілу салдат Арміі Краёвай каля вёскі Качычы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Пра гэта са спасылкай на чытачоў паведамляе польскі рэсурс, які піша пра падзеі ў Беларусі.
У гэтым месцы былі пахаваныя 89 польскіх партызан, якія загінулі ў студзені 1945 года ў баях з унутранымі войскамі НКУС.
Армія Краёва — падпольная польская ваенная арганізацыя, якая дзейнічала падчас Другой сусветнай вайны. Яе мэтай было аднаўленне Польшчы. На баку фашыстаў Армія Краёва ніколі не ваявала. Адносіны з савецкімі войскамі былі розным: здараліся і сумесныя аперацыі супраць фашыстаў, але адбываліся і ўзброеныя сутыкненні.
Апошнім часам у Гродзенскай вобласці знішчылі некалькі пахаванняў салдат Арміі Краёвай. Так, на мінулым тыдні зраўнавалі з зямлёй магілы ў вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёна. На гэтае месца выязджаў часовы павераныў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі, які ўсклаў там кветкі. Пасля гэтага яго выклікалі ў МЗС, дзе заявілі, што афіцыйна там не зарэгістравана ваенных пахаванняў.
Раней польскі МЗС ужо заклікаў улады Беларусі неадкладна спыніць акты вандалізму і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.