Справа Кубаравай: на апараце, “адрамантаваным” скотчам, правялі 41 аперацыю
Анестэзіёлаг сцвярджае, што напярэдадні аперацыі Кубаравай у “Экамедсэрвісе” праводзіліся тэхнічныя працы, якія закранулі кіслароднае абсталяванне.
Трэці дзень суда па справе “Экамедсэрвіса” — зноў невядомыя раней падрабязнасці трагічнай аперацыі Юліі Кубаравай. Яны ўражваюць нават знаёмага з матэрыяламі справы бацьку загінулай Юрыя Кубарава.
“Скажу так, што паверыў медыцынскай рэкламе. Ведаю, што яна больш кантралюецца, чым звычайная. Я лічыў, што акурат медыцынская рэклама адпавядае рэчаіснасці… Хто ж тады мог падумаць, то тут у “Экамедсэрвісе” такое творыцца, такі бардак. І гэта яшчэ мяккае культурнае слова ўжываю”.
І сапраўды. З допыту суддзёй Абакунчык урача анестэзіёлага Шурава найбольш уражвае той факт, што упершыню апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх у аперацыйнай “Экамедсэрвіса” быў пашкоджаны ў канцы восені 2012 года. Трэснула колба. Урач з медсястрой яе адрамантавалі… скотчам. З такім “удасканаленнем” апарат прапрацаваў ажно да выпадку з Юліяй Кубаравай — агулам пасля “рамонта” яго выкарыстоўвалі падчас 41 аперацыі.
Анестэзіёлаг Шураў пераконвае, што паломка колбы не ўплывала на працу апарата і была даволі шараговай. Сярод магчымых прычын трагедыі называе магчымую паломку ў кіслароднай сістэме медцэнтра — за два дні да аперацыі яна была на прафілактыцы. Паводле Шурава, унутранае расследаванне ў “Экамедсэрвісе” высветліла гэта яшчэ 28 сакавіка.
Да згаданага Юрыем Кубаравым “бардака” можна аднесці і той факт, што пасля аперацыі абодва урачы — і хірург Серабро, і анестэзіёлаг Шураў — проста сышлі з медцэнтра нават не паведаміўшы аб гэтым кіраўніцтву. Шураў паехаў у Маскву на іншую аперацыю, а Серабро проста пайшоў дадому. Нават нягледзячы на тое, што быў не толькі лечачым урачом Кубаравай, але і дзяжурным па медцэнтры ў тую ноч.
Хірурга, тым не менш, на лаве падсудных няма. Ён будзе ўдзельнічаць у працэсе толькі ў якасці сведкі. Бацька памерлай дзяўчыны кажа, што гэтак праяўляецца перадузятае стаўленне да ўрачоў. Маўляў, ім неабгрунтавана даруюцца нават самыя сур’ёзныя памылкі.
“Перадузятае стаўленне да ўрачоў вось і стала прычынай гэтай сітуацыі. Іх лічаць нейкай недатыкальнай кастай… Вось, напрыклад, калі чалавек збіў іншага на машыне, мы што, яго не будзем судзіць? А калі пакінуў яго на месцы аварыі, не будуць судзіць? А тут атрымоўваецца, што калі ты ўрач — то не будуць… Я расцэньваю гэты выпадак, як пакіданне ў небяспецы”.
Усплыла на трэцім судовым паседжанні і яшчэ адна версія смерці дзяўчыны, не звязаная з паломкамі абсталявання. Анестэзіёлаг Шураў кажа, што ацёк мозга магла выклікаць алергічная рэакцыя на прэпараты. Для ўвядзення ў стан агульнага наркозу Кубаравай укалолі ажно 16 ампул прэпаратаў. Наколькі рэалістычная гэтая версія, высветліцца падчас далейшых пасяджэнняў. Калі скончыцца гэты гучны працэс, цяпер не возьмецца сказаць ніхто.