Спявачку Руслану 5 гадзінаў дапытвалі ў Генпракуратуры Украіны (відэа)
Яна давала паказанні па справе аб жорсткім разгоне "Беркутам" Майдана ў Кіеве ў ноч на 30 лістапада.
Паводле слоў самой Русланы, пра выклік у Генпракуратуру яна даведалася з інтэрнэта, але не выключала, што гэта жарт. Аднак пазней інфармацыя пацвердзілася і яна паехала даваць паказанні. Паводле яе слоў, следчы больш пытаўся не пра збіццё студэнтаў, а пра тое, хто іх ахоўваў, хто ўсталёўваў гукавую апаратуру.
Як вядома, з першых дзён акцый пратэсту Руслана актыўная іх удзельніца. Яна падтрымлівала людзей у самыя цяжкія і крытычныя моманты, начавала на еўрамайдане.
Па справе аб разгоне Майдана ў перавышэнні ўлады падазраюць начальніка міліцыі Кіева Валерыя Карака і яго намесніка Пятра Федчука. Карака ўжо адхілілі ад пасады, як і намесніка сакратара Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Уладзіміра Сіўковіча і кіраўніка кіеўскай гарадской адміністрацыі Аляксандра Папова.
Фота — ria.ru