Спыняем абмеркаванне на кульмінацыі: сын віцебскага мэра пра затрыманне і сям'ю

Філіп Заранкін / "Фэйсбук"
Філіп Заранкін / "Фэйсбук"

На працягу месяца ў Мінску затрымалі дваіх сыноў Вадзіма Заранкіна, кіраўніка Віцебскага гарвыканкама. Малодшы — Філіп, які адседзеў 13 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту, расказаў Еўрарадыё пра ўмовы ў ІЧУ, затрыманне брата і адносіны з бацькам.
 

"Мы з братам вырашылі не маўчаць"

Вадзім Заранкін уступіў на пасаду старшыні Віцебскага гарвыканкама ў лютым 2020 года. Да гэтага ён узначальваў абласны Камітэт дзяржкантролю. 20 жніўня Заранкін удзельнічаў у праўладным мітынгу "За Беларусь". Тады Віцебскі Летні амфітэатр сабраў некалькі тысяч прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі.

Філіп Заранкін прызнаецца, што, нягледзячы на пасаду бацькі і палітычныя рознагалоссі з гэтым звязаныя, у іх з братам добрыя адносіны з бацькамі.

“Прекращаем обсуждение на кульминации”: сын витебского мэра о задержании и семье
Вадзіма Заранкіна (злева ад Аляксандр Лукашэнкі) прызначаюць на пасаду старшыні Віцебскага гарвыканкама / belta.by

— Маці і бацька вельмі занепакоеныя тым, што адбываецца, хвалююцца за нас. Бацька збіраўся прыехаць у Мінск, калі мяне затрымалі, але гэта б ніяк не дапамагло. Нягледзячы на розныя меркаванні ў сям'і, бацькі нас падтрымліваюць, — расказвае Філіп. — Мы з братам спрабавалі бацьку пераканаць неяк, дыскутуем з ім. Але знаходзім не кампрамісы, а, хутчэй, падставы не спрачацца. Часта закранаем палітычныя тэмы, але спыняем абмеркаванне на "кульмінацыі", каб не сварыцца.

Сын начальніка горада пакуль не бярэцца прагназаваць, ці адаб'ецца неяк затрыманне яго і брата на працы бацькі. Маці Філіпа і Вадзіміра больш за 25 гадоў працуе ў Беларусбанку.

— А як у вас з братам сфармавалася такая грамадзянская пазіцыя? Вы адкрыта выступаеце ў сацсетках за сумленныя выбары, супраць гвалту.

— У мяне ўжо даўно такая пазіцыя, у брата — яшчэ раней. Несправядлівасць, відавочная непісьменнасць менеджменту краіны, непапулярныя эканамічныя, палітычныя рашэнні прывялі краіну да таго, дзе мы цяпер знаходзімся. Не заўважыць гэта можа толькі сляпы. Кожны сам думае, што рабіць: маўчаць, нічога не рабіць ці выказвацца. Мы з братам вырашылі не маўчаць, — тлумачыць Філіп.
 

"Падобна на мэтанакіраванае затрыманне"

Філіпа Заранкіна затрымалі 23 верасня, у дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, а яго брата Вадзіміра — 13 кастрычніка. У момант затрымання абодва не ўдзельнічалі ў пратэстах.

— Мяне затрымалі 23 верасня прыблізна ў 11 вечара. Акцыі пратэсту тады не было, я праходзіў праз ачапленне на Нямізе. Спытаў яшчэ ў міліцыянера, ці можна ісці. Дазволілі. А другі сілавік узяў мяне пад рукі і затрымаў, — успамінае Філіп.

— А як і за што затрымалі вашага брата?

— Таксама незразумела. Але падобна на мэтанакіраванае затрыманне. Мой брат 12 кастрычніка каля 11 гадзін вечара паехаў у краму па прадукты па просьбе жонкі. Каля крамы "Рыга" да ягонай машыны падбеглі 15 сілавікоў, разбілі бакавую шыбу аўтамабіля, брата прымусілі выйсці, паклалі на зямлю тварам у асфальт і потым павезлі ў РУУС, — расказвае Філіп.

“Прекращаем обсуждение на кульминации”: сын витебского мэра о задержании и семье
Так выглядала машына Вадзіміра Заранкіна пасля затрымання / "Фэйсбук"

"Далі мянушку "мэр"

Суд пакараў Філіпа Заранкіна 13 суткамі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Іх Філіп правёў у ЦІП на Акрэсціна і ў ІЧУ ў Жодзіне.

— Адбыванне праходзіла па-рознаму. Шмат камунікаваў з людзьмі ў камерах, з міліцыяй, якая ахоўвала. Хтосьці з аховы пагражаў, хтосьці, наадварот, ішоў на саступкі, — апісвае Філіп.

— А яны ведалі, што вы сын віцебскага мэра?

— Так, усе пра гэта ведалі. Але гэта працавала для мяне ў горшы бок, ніяк не дапамагала. Далі мянушку "мэр". Камунікавалі са мной часта горш, чым з іншымі зняволенымі.

Брата Філіпа, Вадзіміра Заранкіна, адпусцілі з ІЧУ ў Жодзіне 14 кастрычніка. Увесь гэты час з ім не маглі звязацца ні сваякі, ні адвакат. Што ставіцца Вадзіміру ў віну, таксама да гэтага часу невядома. 23 кастрычніка яго справу разгледзіць суд.

Філіпу ў кастрычніку споўніцца 28 гадоў. Ён скончыў мехмат БДУ, працаваў у Віцебскім дабрачынным таварыстве, дапамагаў дамам дзіцяці, дзіцячым дамам, хоспісу. Два гады таму Філіп уладкаваўся на працу ў IT-сферы.

Вадзіміру 32 гады, ён працуе ў амбасадзе ЗША ў Мінску, займаецца праграмамі па абмене. У амбасадзе ЗША Еўрарадыё сказалі, што не валодаюць сведчаннямі пра якія-небудзь супрацьпраўныя дзеянні іх работнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі