Расія рыхтуецца да дыверсій падводных міжнародных камунікацый
Расійская атамная падводная лодка тыпу "Акула"
Расія, імаверна, рыхтуецца да правядзення дыверсій супраць міжнародных падводных камунікацыйных сетак, паведамляе CNN. Гэтыя аперацыі могуць распрацоўвацца праз Галоўнае ўпраўленне глыбакаводных даследаванняў (ГУГД), якое ўваходзіць у структуру Міністэрства абароны РФ.
Паводле звестак амерыканскіх крыніц, расейская вайсковая актыўнасць паблізу ключавых падводных кабеляў значна ўзрасла. Гэта выклікае занепакоенасць у ЗША, якія лічаць, што Расея можа нацэліцца на пашкоджанне найважнейшых элементаў глабальнай камунікацыйнай інфраструктуры. Адзін з прадстаўнікоў амерыканскага ўрада адзначыў, што Расея актыўна развівае магчымасці для падводных дыверсій з дапамогай ГУГД, кіруючы падводнымі лодкамі, надводнымі караблямі і беспілотнымі сістэмамі для гэтых мэтаў.
CNN таксама паведамляе, што ЗША ўважліва адсочваюць перамяшчэнне расейскіх караблёў у раёнах, дзе размешчаныя падводныя кабелі, часта ўдалечыні ад расейскіх вод. Асаблівая ўвага надаецца акваторыі Паўночнай Еўропы, дзе ў мінулым годзе расследаванне, праведзенае скандынаўскімі краінамі, выявіла наяўнасць расійскага флоту меркаваных шпіёнскіх судоў, патэнцыйна прызначаных для падводных дыверсій.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.