Стала вядома, дзе пройдзе суд над журналісткай Барысевіч і лекарам Сарокіным
Крымінальную справу журналісткі TUT.by Кацярыны Барысевіч і лекара Бальніцы хуткай меддапамогі Арцёма Сарокіна будуць разглядаць у судзе Маскоўскага раёна Мінска, паведамляе TUT.by. Дата пасяджэння пакуль не прызначаная.
У гэтым жа судзе, дарэчы, 4 лютага пачнецца папярэдні разгляд "справы Белгазпрамбанка", па якой праходзіць Віктар Бабарыка.
Журналістку і доктара вінавацяць у разгалошванні медыцынскай таямніцы. Яны паведамілі грамадскасці, што медыкі не выявілі алкаголю ў крыві Рамана Бандарэнкі. Гэта абвяргала афіцыйныя заявы Следчага камітэта і Аляксандра Лукашэнкі, што ў момант трагедыі хлопец быў п'яны.
Сваякі Рамана не мелі ніякіх прэтэнзіяў да журналісткі і доктара, тым не менш абаіх затрымалі 19 лістапада і выставілі абвінавачанне.
Дарэчы, крымінальная справа за забойства Бандарэнкі дагэтуль не пачатая, родных не прызналі пацярпелымі. Праверка па гэтым факце не завершаная, таму маці Рамана не даюць нават азнаёміцца з дакументамі.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна вязнямі сумлення, беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.