Стала вядома, калі завершаць мінскі даўгабуд "Гастэла Рэзідэнс"
Жылы комплекс "Гастэла Рэзідэнс"
Тэрміны ўводу ў эксплуатацыю жылога комплексу "Гастэла Рэзідэнс" у Мінску зноў ссоўваюцца, паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны". Паводле апошняга плану будаўніцтва планавалі завяршыць у лютым 2024-га года.
У цяперашні час аб'ект мае высокую ступень гатоўнасці. Па стане на 20 лютага трэба было дашкліць частку гаўбцоў і дапрацаваць некаторыя дэталі ў паркінгу.
Аднак "у працэсе будаўніцтва ўносіліся некаторыя змены ў праектную дакументацыю, а гэта значыць, што іх трэба ўзаконіць да ўводу будынку ў эксплуатацыю", — кажа намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Чэрнікаў. Дакументы ўжо перададзеныя на экспертызу. Яна павінна быць завершана на працягу месяца. "Таму пакуль арыентуемся на сярэдзіну сакавіка", — кажа Чэрнікаў у адказ на пытанне, калі ж ЖК будзе здадзены ў эксплуатацыю.
Нагадаем, гэты комплекс пачалі будаваць у 2019-м годзе. Жыхары суседніх дамоў тады былі супраць будаўніцтва, аргументавалі тым, што пасля ўзвядзення ЖК застануцца без сонечнага святла. Працы былі прыпыненыя, праект адправілі на дапрацоўку. У 2021 годзе будаўніцтва аднавілася. Аднак тэрміны здачы аб'екта перанеслі спачатку на 2022-ы, затым на 2023-ы. Пазней на сайце забудоўшчыка з'явілася інфармацыя, што тэрмін будаўніцтва зменены да 1 сакавіка 2024 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.