Старшыня федэрацыі хакея Беларусі назваў казлом аўтара скаргі на Стася
Старшыня федэрацыі хакея Беларусі Ігар Рачкоўскі назваў казлом аўтара скаргі на хакеіста беларускай зборнай Андрэя Стася ў Міжнародную асацыяцыю спартыўнай прэсы. "Казёл. Можаце так і напісаць", — сказаў Рачкоўскі на прэс-канферэнцыі 20 траўня, адказваючы на пытанне БелаПАН. Акрамя таго, ён назваў казлом журналіста, які задаў пытанне, на якое атрымаў нецэнзурны адказ.
Як паведамляла Еўрарадыё, пасля прайгранага беларусамі матчу з венграмі, журналісты паспрабавалі спыніць у мікст-зоне Стася і ўзяць у яго каментар. Той заявіў, быццам ужо дзесяць разоў даваў. На рэпліку "Яшчэ можна даць" хакеіст адрэагаваў нецэнзурнай лаянкай.
Паводле слоў Рачкоўскага, скарга ў Міжнародную асацыяцыю спартыўнай прэсы была ананімнай і адпраўленая па электроннай пошце. Асацыяцыя ж, у сваю чаргу, звярнулася са скаргай у Міжнародную федэрацыю хакея. Яна выказала заклапочанасць тым, што Федэрацыя хакея Беларусі не адрэагавала на дзеянні, якія закранаюць правы спартыўных журналістаў.
"Пра які патрыятызм можна казаць? Што гэта за паліцай у нашых шэрагах?" — сказаў Ігар Рачкоўскі. Ён прызнаўся, што на месцы Стася "кудысьці ўрэзаў" бы журналісту, які задаў пытанне ў некарэктнай форме. Хакейны чыноўнік назваў Андрэя Стася адным "з самых інтэлігентных хакеістаў".
Увага, на відэа прысутнічае ненарматыўная лексіка!