"Стралок" сцвярджае, што на яго кінулі да 250 адзінак бронетэхнікі
"Міністр абароны ДНР" Ігар Гіркін (Стралкоў, "Стралок") у панядзелак сустрэўся з журналістамі.
Як вядома, украінскія войскі падзялілі на дзве часткі тэрыторыю, якую кантралююць незаконныя ўзброеныя фармаванні. Такім чынам тэрарысты ў Данецку і Луганску мусяць абараняцца самастойна.
28 ліпеня ўкраінскія сілавікі заявілі, што ўзялі пад кантроль курган Саур-Магіла, адкуль тэрарысты абстрэльвалі з артылерыі ўкраінскія падраздзяленні каля мяжы з Расіяй. "Стралок" гэтаму пярэчыць, сцвярджае, што Саур-Магіла застаецца пад кантролем яго атрадаў. Паводле яго слоў, украінскія войскі спрабуюць акружыць Данецк.
"Праціўнік кідае ў бой усё, што толькі можна. Нават для мяне такая колькасць бронетэхнікі нязвыклая — 200-250 адзінак", — цытуе яго словы РІА "Новости". "Стралок" сцвярджае, што "атакі пераважна адбітыя" і што ён страціў толькі каля 30 чалавек забітымі. Украінскія вайскоўцы пярэчаць: і Саур-Магіла пад іх кантролем, і страты тэрарыстаў значна большыя. Да таго ж нямала іх уцякае ў Расію.
Фота — АР