"Страшылкі больш не працуюць": псіхолаг пра састарэлыя метадычкі прапагандыстаў

Ці працуюць састарэлыя прапагандысцкія метадычкі? / Еўрарадыё
Ці працуюць састарэлыя прапагандысцкія метадычкі? / Еўрарадыё

Беларускія ўлады нястомна паўтараюць пра пагрозы звонку. То "рыхтуецца замах" на Аляксандра Лукашэнку і ягоную сям'ю, то вязуць 150 джыпаў з кулямётамі, якія нібыта павінны прарывацца праз мяжу, то садзяць самалёт з "тэрарыстам" Пратасевічам. А цяпер вось Азаронку "экстрэмісты хацелі адрэзаць язык". Прафесар-псіхолаг Уладзімір Янчук перакананы, што гэта не што іншае, як масмедыйная атака на абывацеля. Пра гэта ён разважае ў стрыме Еўрарадыё.

— І атака не толькі на абывацеля, але і на набліжанага [да Лукашэнкі. — Еўрарадыё], каб набліжаны разумеў, што назад дарогі няма, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё псіхолаг. — Але гэты рэсурс вычарпаўся ўжо даўно, з таго самага склепа [дзе нібыта планавалі трымаць Лукашэнку. — Еўрарадыё].

Здавалася б, якая ахвяра ўжо можа быць вышэйшай? Хіба можа параўнацца Азаронак з найвышэйшай асобай? Спажывец да гэтага прывыкае і не палохаецца. Калі адзін і той жа прыём, "пужалка", пачынае працаваць, уключаецца механізм псіхалагічнага прышчаплення. Дзейснасць гэтага адраснага інфармавання страчвае эфект.

Больш за тое, спрацоўвае контрэфект, калі ў сацсетках пачынаюцца смешкі і каментары. Людзі дэманструюць тое, што іх гэта не палохае. Рэсурс гэтых страшылак вычарпаны, а новенькіх страшылак няма. Маніпуляцыя працуе тады, калі ты не ведаеш мэты маніпуляцыі. Як толькі ты з мэтай маніпуляцыі знаёмы, то эфектыўнасць маніпуляцыі знікае.

Стварэнне дзейнымі беларускімі ўладамі інфармацыйнага шуму сведчыць пра спробу прыцягнення як мага большай колькасці адэптаў рэжыму. Ці ўдасца ўладам прымусіць грамадства іх палюбіць?

— Любоў можна купіць за грошы, але нельга купіць стаўленне. Але і грошай таксама няма. Калі б быў створаны так званы аазіс дабрабыту, то нейкая частка беспрынцыповых людзей, якія не думаюць пра заўтрашні дзень, пагадзілася б на гэту купленасць. А калі грошы не плацяць — то, на жаль, і любові таксама няма, — лічыць прафесар. — Калі ж прымушаць любіць гвалтоўна, то ў чалавека пачынае расці пратэставасць. І гэта пратэставасць рана ці позна выскачыць у вельмі сур'ёзным, непрадказальным плане.

Беларускае грамадства жыве ва ўмовах напружанасці і "пратэставасці" ўжо доўгі час. Як такая стрэсавая сітуацыя адаб'ецца на беларусах?

— Гэта пагражае моцным фізічным і псіхалагічным выбухам, — адказвае Уладзімір Янчук. — Людзі пачнуць хварэць, ламацца, шукаць вінаватых, стануць узнікаць унутраныя катаклізмы. У сем'ях ужо цяпер пачаліся супярэчнасці паміж пакаленнямі, калі моладзь пачынае сутыкацца з ўгаворваннямі бацькоў, якія кажуць, маўляў, "не высоўвайцеся".

А калі тлумачыць маладым людзям, што хлусня — гэта добра, то ў дзіцяці сфармуецца схема, што хлусіць можна і вам. Вы спадзеяцеся, што дзеці ў будучыні будуць вас падтрымліваць, а дзеці ў сілу сфармаванай логікі скажуць: "А навошта?"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі