Студэнт можа зарабіць летам ад 300 тысяч рублёў да 6000 долараў
Еўрарадыё даведалася, колькі і дзе можна зарабіць моладзі гэтым летам.
Хутка скончыцца чарговы навучальны год. Для кагосьці вакацыі – час адпачынку. Для іншых – наадварот, магчымасць папрацаваць.
Моладзевая сацыяльная служба Беларусі займаецца працаўладкаваннем студэнтаў унутры краіны. За апошні час вакансій стала больш. А зарабіць можна ад 300 тысяч да двух мільёнаў у месяц, расказала супрацоўніца службы Таццяна Сухамера:
“Мы працуем як кадравае агенцтва, толькі ўсе паслугі аказваем бясплатна. У асноўным, да нас прыходзяць заяўкі на некваліфікаваную працу, дзе не патрабуюць вышэйшай адукацыі, спецыяльных ведаў і навыкаў. Таму што ў моладзі яшчэ невялікі досвед.
Для хлопцаў, часцей за ўсё, – будаўнічыя, падсобныя спецыяльнасці – грузчыкі, укладчыкі і г.д. Для дзяўчат – афіцыянткі, прадаўшчыцы на лета, менеджэры, спецыялісты па продажу… Вакансіі вельмі розныя – і цырульнікі, і нянькі і рэпетытары”.
Па словах Таццяны Сухамеры, са студзеня па травень гэтага года ў цэнтр занятасці прыйшло больш за тысячу чалавек, практычна палове з іх знайшлі працу. Што тычыцца заробкаў, то зарабіць студэнту рэальна ад 300 тысяч да двух мільёнаў, залежыць ад таго, як пашанцуе:
“Па заробку рознае – ёсць і трыста тысяч, ёсць і мільён, паўтара ці два ў месяц. Самыя распаўсюджаныя – гэта будаўнічыя працы на лета для хлопцаў – гэта дзесьці мільён і вышэй заробак. Для дзяўчат ёсць менеджэры, прамоўтары – таксама можна зарабіць тысяч 800 у месяц”.
Хто не хоча заставацца летам у Беларусі, можа паехаць працаваць у ЗША. Па папулярнай праграме Work and Travel за лета можна зарабіць нават больш за 6 тысяч долараў.
Абсалютная большасць вакансій – гэта сфера абслугоўвання на курортах: гатэлі, паркі атракцыёнаў, рэстараны, паведамілі Еўрарадыё ў беларускім філіяле “Цэнтра міжнароднага абмену”.
Еўрарадыё: Колькі беларускіх студэнтаў паедзе сёлета працаваць у ЗША?
- Дакладна не магу сказаць, але больш, чым у мінулым годзе.
Колькі трэба грошай, каб паехаць у ЗША?
- У сярэднім студэнту спатрэбіцца ад 1500 да 2000 долараў – сюды ўваходзіць усё: дарога, афармленне дакументаў, консульскі збор, пошук працы.
Колькі грошай беларускія студэнты зарабляюць за лета ў ЗША?
- У нас ёсць дадзеныя па мінулым годзе. Большасць (25,5%) адказалі: ад 3 да 4 тысяч долараў. 5% адказалі, што да тысячы, а 8% - больш за 6 тысяч, 12% - ад 5 да 6 тысяч, 19% - ад 4 да 5. Па рознаму ва ўсіх, але ў сярэднім атрымліваецца ад 3 да 4 тысяч.
Фота: http://photo.bymedia.net