Студэнтам больш як 40 расійскіх ВНУ затрымліваюць стыпендыі на два месяцы

У Расіі студэнты больш як 40 ВНУ скардзяцца, што ім два месяцы не выплочваюць стыпендыі. У інтэрв'ю газеце "Коммерсант" упаўнаважаны па правах студэнтаў Арцём Хромаў распавёў, што на затрымку стыпендый паскардзіліся ў тым ліку студэнты Маскоўскага дзяржуніверсітэта, Вышэйшай школы эканомікі і іншых універсітэтаў.

Па словах студэнцкага амбудсмена, ў 2015 годзе значная колькасць студэнтаў ужо два месяцы не атрымлівалі стыпендыю. Тым часам універсітэты не могуць адказаць, калі прыйдуць грошы. Дарэчы, затрымліваецца і сацыяльная стыпендыя, якую ВНУ абавязаныя выплочваць штомесяц.

Ва ўніверсітэтах пацвярджаюць праблемы з выплатай стыпендый. Так, у Вышэйшай школе эканомікі кажуць, што на пачатку года ВНУ перайшла на новы парадак разліку стыпендый, і гэта стала прычынай тэхнічных затрымак. Бюджэтныя грошы на акадэмічныя і сацыяльныя стыпендыі ВШЭ пакуль не атрымала.

У Башкірскім дзяржаўным педуніверсітэце намеснік кіраўніка прафкама Вільдан Трубкулаў заклікаў студэнтаў да цярпення: "Наша краіна знаходзіцца на этапе пераўтварэнняў, калі вы сочыце за навінамі. Грошы накіраваныя на больш важныя справы краіны. Лідар краіны не забудзе пра вас, паважаныя студэнты, патрывайце". Ён папрасіў навучэнцаў "не паддавацца правакацыям ў інтэрнэце і СМІ пра тое, што ўсё дрэнна ў краіне".

У Міністэрстве адукацыі і навукі паабяцалі бліжэйшым часам праверыць усе скаргі студэнтаў.

Фота — kommersant.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі