Студэнты пра дацэнта, затрыманага за "распальванне": На лекцыях з ім спрачаліся

Студэнты пра дацэнта, затрыманага за "распальванне": На лекцыях з ім спрачаліся

Юрый Паўлавец, якога днямі затрымалі за распальванне нацыянальнай варажнечы, выкладае ў БДУІР два прадметы: паліталогію і (увага!) ідэалогію беларускай дзяржавы. Лекцыі цяпер ужо скончылася, апошняя семінарская пара павінна была быць на наступным тыдні. Але будучыя айцішнікі сумняваюцца ў тым, што яна адбудзецца: выкладчык цяпер у СІЗА, супраць яго распачатая крымінальная справа.

"Звольняць яго", — мяркуе студэнтка трэцяга курса Юлія Плюта. Выкладчык ёй падабаецца: "Нармальны выкладчык. Проста сядае, распавядае лекцыю. Часам падмацоўвае сваімі думкамі. Але такога пры мне не было". Што праўда, на пары па паліталогіі Юлія хадзіла рэдка.

"На лекцыях ён проста даваў агульны матэрыял. Нічога такога, асобна пра Беларусь, асобна пра Расію — не было", — кажа Мацвей Толкач, аднакурснік Юліі.

Студэнты пра дацэнта, затрыманага за "распальванне": На лекцыях з ім спрачаліся
Цытата з артыкула Юрыя Паўлаўца на сайце Regnum.ru.

У студэнта БДУІР, які пажадаў захаваць сваё імя ў таямніцы, Юрый Паўлавец выкладаў ідэалогію беларускай дзяржавы. "Проста нармальны выкладчык, — распавядае студэнт. — Можа, крыху незвычайна выкладаў. Але без жэсці антыўрадавай. На лекцыях з ім шмат спрачаліся. Але ён даваў шанец выказаць свае думкі, пасля гэта абмяркоўвалі і прыходзілі да згоды. Ён шмат чаму мог навучыць. Як мінімум — дакладна вызначаць арыенціры і крытычна мысліць".

Тое, што выкладчыка затрымалі за русафільскія артыкулы, на думку студэнта, гэта недарэчнасць, бо Беларусь — "сама па сабе краіна, накіраваная на Расію".

8 снежня стала вядома, што ў Беларусі затрымалі аўтараў расійскіх сайтаў "Регнум", Lenta.ru, "ЕАДЭЙЛИ". Пад псеўданімам Ала Бронь публікаваўся брэсцкі вартаўнік Дзмітрый Алімкін. Яшчэ два псеўданімы, Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў, належалі Юрыю Паўлаўцу, выкладчыку БДУІР. Паўлавец — аўтар шэрагу навуковых артыкулаў пра гісторыю СССР і Еўразійскую інтэграцыю.

Крымінальную справу на Алімкіна і Паўлаўца распачалі па артыкуле "распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варажнечы" (арт. 130 КК). Прэс-сакратар Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч паведаміў, што журналісты дзейнічалі ў складзе арганізаванай групы, таму іх справа можа быць перакваліфікаваная на частку трэцюю таго ж артыкула. Па ёй ім будзе пагражаць ад 5 да 12 гадоў турмы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі