Суд над палітвязнем Уладзімірам Кондрусем працягнецца 26 снежня
Суд над удзельнікам Плошчы-2010, палітвязнем Уладзімірам Кондрусем працягнецца 26 снежня. Працэс пройдзе ў судзе Маскоўскага раёна у 10.30, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Са словаў маці вядома, што цяпер Кондрусь знаходзіцца ў турэмнай лякарні.
Кондруся вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. Суд над ім пачаўся 16 лістапада 2016 года. Аднак у зале суда палітвязень спрабаваў ускрыць сабе вены, пасля чаго яго адправілі на комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.
"Дарэчы, пісалі, што сын вены на судзе парэзаў, але там больш драпіны, чым парэзы. Нават павязку не накладвалі. Доктар мне таксама паведаміў, што шыць рукі не давялося", — распавяла падрабязнасці маці.
Праваабаронцы кажуць, што Кондрусь прайшоў комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу, але пра яе вынікі пакуль не паведамляецца.