Беларус выйграў суд у спецслужбаў Польшчы, якія прызналі яго пагрозай бяспецы

Дакументы, ілюстрацыйнае фота

Дакументы, ілюстрацыйнае фота / MOST

У Польшчы грамадзянін Беларусі звярнуўся па міжнародную абарону, але яму адмовілі: спецслужбы палічылі, што ён можа ўяўляць пагрозу бяспецы дзяржавы. Але на бок нашага суйчынніка стаў польскі суд, піша MOST.

Беларус, чыё імя не называецца, быў на радзіме актывістам апазіцыі. Ён разам з жонкай і маці быў вымушаны пакінуць радзіму. Калі сям'я звярнулася па міжнародную абарону ў Польшчы, то яе атрымалі толькі жонка і маці. А мужчыну — адмовілі. Упраўленне па справах замежнікаў прызнала, што ў яго ёсць падставы для абароны, але патэнцыйна ён можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы.

Чыноўнікі ўпраўлення па справах замежнікаў спаслаліся на высновы Агенцтва ўнутранай бяспекі і Агенцтва разведкі Польшчы — гэта заўсёдная практыка. Дакументы ад спецслужбаў, як правіла, з'яўляюцца сакрэтнымі, таму азнаёміцца з імі не змаглі ні сам актывіст, ні яго ўпаўнаважаныя.

Беларус паспрабаваў абскардзіць рашэнне ў Радзе ў справах уцекачоў, але там адмову палічылі законнай. Тады мужчыны пры дапамозе Хельсінскага фонду правоў чалавека падаў скаргу ў ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве.

Суд, азнаёміўшыся з сакрэтнымі матэрыяламі справы, пастанавіў, што няма падстаў прызнаваць мужчыну небяспечным для дзяржавы ці грамадства. Таксама суд прызнаў, што негатыўная ацэнка з боку спецслужбаў не абавязвае ўпраўленне па справах замежнікаў адмаўляць замежніку ў міжнароднай абароне.

"Падобная пазіцыя органаў, якія перадаюць інфармацыю ў дачыненні да замежніка, згодна з Законам аб міжнароднай абароне не з'яўляецца абавязковай для органаў і не павінна быць дастатковай, калі не з'яўляецца дастаткова канкрэтнай", — гаворыцца ў рашэнні суда.

У першым паўгоддзі 2024 года Польшча дала міжнародную абарону 1,4 тысячы беларусаў, а негатыўныя рашэнні былі вынесеныя па 50 справах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі