Суд па выплаце еўрааблігацый расіяніну Мінфін Беларусі хоча перанесці ў Мінск

Міністэрства фінансаў / sb.by

Міністэрства фінансаў / sb.by

У Маскоўскім гарсудзе прайшло пасяджэнне па справе аб спагнанні з Мінфіна Беларусі запазычанасці па еўрааблігацыях. Беларускае ведамства настойвае, каб разгляд быў перанесены ў Мінск або Лондан, бо расійскія суды нібыта не могуць разглядаць гэтую справу, піша РБК.

Увесну 2023-га ў суд у Маскве звярнуўся расіянін Аляксандр Марчанкаў. Ён хацеў атрымаць запазычанасць на 310 тысяч долараў па каштоўных паперах Мінфіна Беларусі. Гаворка  ідзе пра еўрааблігацыі, якія мусяць быць пагашаныя ў 2030 і 2031 годзе. Пазоўнік патрабуе, каб Мінфін Беларусі датэрмінова пагасіў аблігацыі, бо Міжнароднае агенцтва Moody's прызнала дэфолт па дзярждоўгу краіны.

Прадстаўнік Мінфіна Беларусі заявіў, што ведамства не адмаўляецца ад выплат. Але ў сувязі з міжнароднымі санкцыямі выплаты робяцца ў беларускіх рублях. Таксама ён заявіў, што Маскоўскі гарсуд не можа разглядаць гэтую справу. Ён прапанаваў перанесці разгляд у суд Лондана, як таго патрабуе першапачатковая эмісійная дакументацыя, па якой былі выпушчаныя каштоўныя паперы.

"Умовы абодвух праспектаў эмісій ўтрымліваюць арбітражную агаворку, што спрэчкі вырашаюцца згодна з Арбітражным рэгламентам Лонданскага арбітражнага суда — LCIA (London Court of International Arbitration)", — заявіў ён.

Між тым Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць Мінска. Таму як альтэрнатыву Лондану прадстаўнік беларускага Мінфіна прапанаваў перанесці разгляд справы ў Мінск, спасылаючыся на Кішынёўскую канвенцыю аб прававой дапамозе.

Суддзя не задаволіў хадайніцтва прадстаўніка Беларусі. Наступнае судовае пасяджэнне прызначанае ў Масгарсудзе на 6 верасня.

Выплачваць у рублях пазыкі па еўрааблігацыях афіцыйны Мінск пачаў з лета 2022 года. Падставай для гэтага называліся міжнародныя санкцыі. У сувязі з гэтым міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы некалькі разоў фіксавалі дэфолт па выплатах працэнтаў па крэдытах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі