Суд падчас эканамічнага форуму ў Давосе — гэта падарунак Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская ў Давосе / Reuters 
Святлана Ціханоўская ў Давосе / Reuters 

Завочны суд над сябрамі Каардынацыйнай рады падчас эканамічнага форума ў Давосе — гэта падарунак Ціханоўскай. На думку палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана, гэта яшчэ больш прыцягнула ўвагу заходніх СМІ да палітыка.

“Магчыма, вядома, што гэта супадзенне. Альбо сапраўдны падарунак Ціханоўскай з боку Лукашэнкі. Калі б яна сёння проста выступала ў Давосе, то гэта, вядома, узгадвалі б у заходняй прэсе. А тут ёй зрабілі падарунак: пачаўся суд і гэта яшчэ раз павысіла ўвагу да яе. Для яе з пункту гледжання public relations — гэта абсалютны падарунак. Ці разумеюць гэта беларускія ўлады? Магчыма, яны наадварот усё ведалі і хацелі так паказаць: можаш сустракацца з кім заўгодна, але мы вось на гэта плявалі і пакажам усяму свету, хто ў хаце гаспадар. Гэта магчыма, бо гэта таксама ўкладваецца ў лукашэнкаўскую логіку”.

Аляксандр Фрыдман звяртае ўвагу, што апошнім часам вельмі шмат палітычных працэсаў:

“У мяне складваецца ўражанне, што лукашэнкаўскі бок кудысьці спяшаецца. Ёсць такая патрэба асудзіць амаль усіх, каго трэба было. Прычым гучныя справы: Бяляцкі, у мінулым годзе яшчэ была Герасіменя. Паралельна з гэтым ідзе працэс над галоўным у мінулым электронным СМІ — “справа TUT.by”. Пасля гэтага пачынаецца працэс над Ціханоўскай і Латушкам. Кудысьці лукашэнкаўскі бок спяшаецца. Выкажу сваю гіпотэзу: магчыма, Лукашэнка лічыць, што ў хуткай будучыні ў Беларусі могуць адбыцца такія працэсы, што будзе ўжо не да судоў. Таму гэтую справу трэба завяршыць як мага хутчэй”.

Што гэта за працэсы, да якіх рыхтуецца Лукашэнка?

“Можа быць усё, што заўгодна: Беларусь — прыфрантавая дзяржава, на тэрыторыі якой знаходзяцца расійскія войскі. Магчыма, Лукашэнка спяшаецца, бо думае, што ў наступных месяцах будзе не да палітычных працэсаў”.         

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі