Суд пакінуў у сіле штраф жанчыне, якая падчас пікета ў Курапатах была на працы
Мінскі гарадскі суд не задаволіў скаргу актывісткі АГП Святланы Каваленка і пакінуў у сіле штраф, якім пасля пікета ў Курапатах пакараў яе суд Партызанскага раёна сталіцы. Не дапамагла нават даведка пра тое, што 24 лютага ў 15:10 — у час, калі, згодна з пратаколам, жанчына ўдзельнічала ў масавым мерапрыемстве, яна знаходзілася на працы.
"Даведку я перадала разам са скаргай. Усё падрабязна апісана ў скарзе. Сказаць мне далі, але казаць асабліва і не было чаго. Мяне сапраўды ў той час там не было і не магло быць", — распавядае Еўрарадыё Святлана Каваленка.
Яна сцвярджае, што звяртала ўвагу суда і на іншыя парушэнні. Міліцыя не паведаміла ёй, што супраць яе вядзецца адміністрацыйны працэс, а суд Партызанскага раёна не паведаміў пра дату і час пасяджэння; у пратаколе апытання сведкаў сярод апазнаных асобаў прозвішча Каваленка няма; у пратаколе сцвярджаецца, што Святлана адмовілася яго падпісаць, а яна яго папросту ніколі не бачыла; там жа недакладна ўказанае яе імя па бацьку.
Тым не менш, суддзя Пётр Арлоў пакінуў пастанову суда першай інстанцыі ў сіле. "Я казала, а ён нешта маляваў. Я заклікала яго не браць грэх на сваю душу, а ён заявіў, што тут не дыскусійны клуб", — апісвае свае ўражанні ад працэсу Святлана Каваленка.