Супрацоўнікі 74-й гімназіі хаваюць праўду пра напад на настаўніцу. Храналогія

Супрацоўнікі 74-й гімназіі хаваюць праўду пра напад на настаўніцу. Храналогія

Следчы камітэт амаль не каментуе акалічнасцяў незвычайнага здарэння ў мінскай гімназіі №74. Прайшло больш за 30 гадзінаў, але інфармацыі амаль няма. Еўрарадыё сабрала ўсе звесткі ў адным матэрыяле ў храналагічным парадку.

 

Панядзелак, 23 траўня, 8.30

У кабінеце рускай мовы і літаратуры №317 на трэцім паверсе 74-й гімназіі адбываецца канфлікт паміж вучнем і выкладчыцай. Па афіцыйнай версіі, пацверджанай СК, адзін з вучняў нанёс "вострым прадметам" некалькі раненняў настаўніцы, у тым ліку ў шыю. Пасля гэтага настаўніцу адвезлі ў рэанімацыю ў цяжкім стане, вучня затрымалі.

 

Панядзелак, 23 траўня, 8.30 — 10.00

Вучняў гімназіі №74 не выпускаюць з класаў, званок аб завяршэнні ўрока не гучыць. "Нас проста закрылі і не выпускалі. Мы самі пра ўсё даведаліся з інтэрнэту", — расказваюць вучні гімназіі Еўрарадыё.

"Я бачыў, як настаўніца ляжала каля брамы школы. Раніцай гэта было. Шмат міліцыі прыехала", — кажа Еўрарадыё адзін з жыхароў суседняга з гімназіяй дома.

У той жа час афіцыйна вядома, што параненая настаўніца па дарозе ў шпіталь тэлефануе дачцэ і расказвае пра здарэнне. Педагога адвозяць у рэанімацыю.

Супрацоўнікі 74-й гімназіі хаваюць праўду пра напад на настаўніцу. Храналогія
Выпускнікі гімназіі №74 называюць параненую вучнем настаўніцу "строгай і патрабавальнай". Фота з сацыяльных сетак.

Панядзелак, 23 траўня, каля 17-й гадзіны

Следчы камітэт упершыню публікуе невялікае паведамленне аб інцыдэнце. "Папярэдне ўстаноўлена, што 23 траўня каля 8:30 жанчына-настаўнік па тэлефоне паведаміла сваёй дачцэ, нібыта адзін са старшакласнікаў некалькі разоў ударыў яе нявысветленым вострым прадметам. Брыгадай хуткай дапамогі пацярпелая шпіталізаваная, у цяперашні час ёй аказваецца кваліфікаваная медыцынская дапамога. Упраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па г.Мінску заведзеная крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.1 арт.14 і ч.2 арт.139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (замах на забойства). З падазраваным непаўналетнім працуюць следчыя. Ажыццяўляецца комплекс следчых дзеянняў, накіраваных на высвятленне ўсіх абставінаў таго, што адбылося. Дапытваюцца работнікі і навучэнцы адукацыйнай установы. У межах расследавання прызначаны шэраг экспертных даследаванняў", — гаворыцца ў ім.

 

Панядзелак, 23 траўня, 18.00 — 20.00

У будынак гімназіі не пускаюць журналістаў, яе кіраўніцтва адмаўляецца ад любых каментароў. Старшакласнікі паведамляюць, што настаўнікі забаранілі ім размаўляць з незнаёмымі і распаўсюджваць інфармацыю аб інцыдэнце.

Супрацоўнікі 74-й гімназіі хаваюць праўду пра напад на настаўніцу. Храналогія
Дзверы кабінета, дзе адбылося здарэнне, запячатаныя.

Аўторак, 24 траўня, 10.00

Ля ўвахода ў гімназію дзяжурыць некалькі настаўнікаў разам з намеснікам дырэктара. Яны катэгарычна адмаўляюцца размаўляць з журналістамі і паведамляць нейкую інфармацыю. У будынак гімназіі не пускаюць нават здымачную групу тэлеканала АНТ. "Мы не будзем вам нічога гаварыць. Вось нумар прадстаўніка Следчага камітэта, звяртайцеся да яго. Прайсці ў школу таксама нельга. Хай пішуць пра нас у інтэрнэце што хочуць. Ідзе расследаванне, пасля будуць афіцыйныя вынікі", — гавораць настаўнікі.

У будынак гімназіі не пускаюць не толькі журналістаў, але і бацькоў, якія прыйшлі без дзяцей. Вучні падчас перапынкаў выйсці таксама не могуць.

 

Аўторак, 24 траўня, каля 12-й гадзіны

Следчы камітэт публікуе дадатковую інфармацыю аб здарэнні. "Сёння плануюцца следчыя дзеянні з удзелам падазраванага. Таксама з улікам стану пацярпелай, якая знаходзіцца ва ўстанове аховы здароўя, будуць спланаваныя следчыя дзеянні, допыты самой пацярпелай. Неабходна дадаць, што падазраваны не быў на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Ён з добрай сям'і, дастаткова добра характарызуецца педагогамі, добра вучыўся. Неабходна абвергнуць інфармацыю, якая з'яўляецца ў інтэрнэце, аб тым, што было некалькі чалавек, якія нібыта спрабавалі трымаць настаўніцу. Падзеі адбываліся да 8.30, у кабінеце яны знаходзіліся ўдваіх. Ужо пасля настаўніца пазваніла сваёй дачцэ і расказала, што малады чалавек нанёс ёй некалькі ўдараў у вобласць шыі. Тое, што у кабінеце знаходзілася група школьнікаў, што нехта ўзломваў дзверы сякерай, — гэта непраўдзівая інфармацыя", — расказаў кіраўнік Аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю цэнтральнага апарата Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч.

 

Аўторак, 24 траўня, другая палова дня

Стала вядома, што падазраваны ў нападзе на настаўніцу гімназіі №74 на кантакт са следствам не ідзе. Настаўніца па-ранейшаму знаходзіцца ў стабільна цяжкім стане. Тым часам у рэдакцыю Еўрарадыё трапіла фота дзвярэй кабінета, дзе адбылося здарэнне. Яны цэлыя, слядоў узлому не бачна. Можна заўважыць, што следчая група здымала з паверхні дзвярэй адбіткі пальцаў.

Супрацоўнікі 74-й гімназіі хаваюць праўду пра напад на настаўніцу. Храналогія

Што застаецца невядомым:

1. Прычына канфлікту. Гэта, бадай, самая галоўная загадка на дадзены момант. Ні адміністрацыя школы, ні СК не раскрываюць прычын, з якіх мог узнікнуць канфлікт паміж настаўніцай і добранадзейным на першы погляд вучнем. "Яна патрабавальная, але кваліфікаваная", — расказваюць пра настаўніцу выпускнікі гімназіі. Некаторыя, аднак, называюць яе залішне строгай.

2. Імя падазраванага. Гэта таксама пакуль невядома. Невядома дакладна, у якім з трох дзявятых класаў гімназіі ён вучыўся.

3. Прадмет, якім былі нанесеныя раненні. Следчы камітэт не называе яго, пакуль вядома толькі, што гэта быў "востры прадмет". Існуе інфармацыя, што яго не знайшлі на месцы здарэння.

4. Як і кім быў затрыманы падазраваны. Інфармацыю пра аднаго з настаўнікаў, які зламаў дзверы закрытага кабінета, СК абвяргае. Таму пакуль невядома, як затрымалі галоўнага падазраванага. Калі ён не здаваўся міліцыі, гэта можа паўплываць на яго далейшы лёс. Згодна з Крымінальным кодэксам Беларусі, адказнасць за злачынствы, звязаныя з замахам на забойства, наступае з 14-ці гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі