Сваякі палітвязняў: для вызвалення нашых родных сёння робіцца недастаткова

Ізалятар на Акрэсціна / Еўрарадыё, архіўнае фота
Ізалятар на Акрэсціна / Еўрарадыё, архіўнае фота

Былыя палітвязні і сваякі палітвязняў выступілі з публічным зваротам. Яны лічаць, што для вызвалення іх блізкіх з-за кратаў робіцца недастаткова.

У звароце нагадваецца, што цяпер у месцах пазбаўлення волі знаходзяцца 1500 палітвязняў, "але нават гэтая жахлівая лічба не адлюстроўвае сапраўдных маштабаў тэрору". Паводле афіцыйных зветак за апошнія 2,5 года было пачата больш за 11,5 тысячы крымінальных справаў за "палітыку".

"Праваабаронцы не ў стане сабраць усю інфармацыю пра рэпрэсіі, а самі вязні і іх родныя часта баяцца расказваць пра тое, што з імі адбываецца, бо баяцца помсты з боку сілавікоў", — пішуць аўтары звароту. 

Яны нагадваюць пра здзек, знявагі і шантаж, з якімі палітвязні сутыкаюцца ў турмах. Пра жоўтыя біркі на вопратцы і пазбаўленне спатканняў і перадач.

"Мы са шкадаваннем вымушаныя канстатаваць, што для вызвалення нашых родных сёння робіцца недастаткова", — заяўляюць сваякі палітвязняў.

Яны параўноўваюць сітуацыю ў Беларусі і Украіне, дзе палонныя маюць магчымасць вярнуцца дадому пасля абмену. Тое, што ў Беларусі былі адзінкавыя выпадкі вызвалення палітвязняў, на іх думку сведчыць пра неэфектыўнасць цяперашніх падыходаў да развязання праблемы.

"Вызваленне ЎСІХ палітвязняў і ПОЎНАЕ спыненне рэпрэсій у Беларусі мы лічым задачай, якая не можа ставіцца пад сумневы ні пры якіх абставінах. Але спосабы дасягнення гэтай задачы могуць адрознівацца. Кожны вызвалены палітвязень — гэта ўжо маленькая перамога, якая набліжае нас да галоўнай мэты", — гаворыцца ў звароце.

Аўтары звароту заклікаюць лідараў свабоднага свету да больш рашучых дзеянняў па вызваленні беларускіх палітвязняў і прапануюць сваю дапамогу: "Гэтыя дзеянні маюць уключаюць у сябе перамоўныя працэсы, намаганні як публічнага, так і непублічнага характару. Мы ў сваю чаргу гатовыя актыўна ўдзельнічаць у распрацоўцы новых падыходаў, тактыкі і стратэгіі".

Падпісацца пад зваротам яны заклікаюць як публічна, так і не публічна.

На цяперашні момант свае подпісы паставілі 29 чалавек, у тым ліку Таццяна Хоміч (сястра Марыі Калеснікавай), Аляксандр Лойка (муж Ірыны Слаўнікавай), Святлана Мацкевіч (жонка Уладзіміра Мацкевіча), Ігар Ільяш (муж Кацярыны Андрэевай), экс-палітзняволеная Дар'я Чульцова, Галіна Антончык (дачка Рыгора Кастусёва) ды іншыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі