Святлана Ціханоўская заклікае Еўрасаюз адмяніць візы для беларусаў
20 красавіка адбылося афіцыйнае адкрыццё дзявятай сесіі Парламенцкай асамблеі "Еўранэст". У ім прыняла ўдзел беларуская дэлегацыя на чале са Святланай Ціханоўскай. Таксама ў пасяджэнні прынялі ўдзел 60 дэпутатаў Еўрапарламента і па 10 дэпутатаў ад парламентаў краін Усходняга партнёрства (Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы ды Украіны).
У сваім выступе Ціханоўская, як паведамляе яе прэс-служба, расказала аб рэпрэсіях і гвалце з боку рэжыму, адвольных затрыманнях, катаваннях у турмах і неправамерных судовых выраках. Яна заклікала краіны Еўрасаюза стаць пасярэднікамі ў дыялогу паміж рэжымам і народам, стаць гарантамі абавязацельстваў для бакоў.
Таксама Ціханоўская заклікала спрасціць візавы рэжым для беларусаў і адмяніць для беларусаў візы ў ЕС. Яна прапанавала абмеркаваць магчымасць удзелу Беларусі ў еўрапейскіх праграмах абмену Erasmus Plus і Horizon Europe.
У сваім звароце Ціханоўская заявіла пра важнасць усёабдымнага плана эканамічнай дапамогі Беларусі з боку ЕС. Яна падкрэсліла, што дэмакратыя, правы чалавека, вяршэнства закона і бяспека — гэта каштоўнасці не толькі краін Усходняга партнёрства, але і новай Беларусі.
Мяркуецца, што Парламенцкая асамблея "Еўранэст" прыме рэзалюцыю па Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.