Святлана Ціханоўская сустрэлася з Аляксеем Арастовічам
У Вільні адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай і дарадцы Офіса прэзідэнта Украіны Аляксея Арастовіча, паведамляе прэс-служба беларускага палітыка.
Ціханоўская падзякавала яму за падтрымку беларусаў. У адказ Арастовіч заявіў, што "памылкай будзе ўяўляць беларусаў людзьмі, не здольнымі на супраціў".
Падчас размовы прадстаўнік украінскага кіраўніцтва падкрэсліў, што добра разумее сітуацыю ў Беларусі, і вылучыў ролю падпольнага супраціву. Па яго словах, украінцы не ставяць знак роўнасці паміж дзеяннямі Аляксандра Лукашэнкі і беларусаў.
Арастовіч запэўніў, што ніводзін украінскі снарад не ўпадзе на беларускую тэрыторыю.
Таксама падчас сустрэчы абмяркоўвалася роля прадстаўніка па справах беларусаў ва Украіне, які будзе абараняць інтарэсы беларусаў ва ўрадзе. Палітыкі закранулі і сінхранізацыю палітычнага парадку дня дзвюх краін, каб свабодная Украіна і дэмакратычная Беларусь гаварылі ў адзін голас.
Прадстаўнікі кіраўніцтва Украіны доўга пазбягалі афіцыйных кантактаў з Ціханоўскай. Цяперашняя сустрэча можа сведчыць пра перамлом у гэтай сферы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.