Святочная ілюмінацыя Мінска спажывае за гадзіну, як пад’езд жылога дому

“У Шабанах ніколі ёлкі не было, там ставім ілюмінацыю, каля ДК МАЗу, на Прытыцкага, каля Лядовага палаца пашыраем ілюмінацыю”, — гаворыць Еўрарадыё пра новыя агні да Новага году ў Мінску начальнік вытворчага аддзелу УП “Мінгарсвятло” Уладлен Чухін.

Усталёўваць святочную ілюмінацыю у Мінску пачынаюць яшчэ ў верасні-кастрычніку. Але асноўны час пайшоў на папяровую працу — узгадненні.

“Узгадненне, выпрацоўка праекта. На мантаж рука ўжо набітая. Але пасля мантажу — зноў папяровы працэс, узгадненне. Траціна часу — гэта мантаж, а дзве траціны — папяровая праца”, — дадае Уладлен Чухін.

Уся святочная ілюмінацыя Мінска спажывае энергіі за гадзіну, як адзін пад’езд жылога дому ў шматпавярховіку, падлічваюць на прадпрыемстве “Мінгарсвятло”.

“Ілюмінацыі ў нас 650, 700 кілават, калі браць усё разам з ёлкамі. Гэта як адзін пад’езд у шматпавярховіку, калі раптам усе там уключаць прыборы”.

Сёння за адзін кілават у гадзіну беларусы плацяць тысячу рублёў у перыяд максімальных нагрузак. Значыць, гадзіна ілюмінацыі каштуе 650 тысяч.

Ідэі дызайну “Мінгарсвятло” шукала ў Еўропе і па тэлевізары.

“Усе мы, калі бачым, з’ездзілі ў Еўропу, напрыклад. Ці ўбачылі па тэлевізары, каталогі нам таксама прыходзяць. Пасля паказваюць кіраўніцтву, падлічваем, колькі гэта можа каштаваць”, — расказваюць на прадпрыемстве.

Але на колькі бюджэтных грошай заважыць навагодні Мінск, сказаць пакуль не могуць. Гэта будзе бачна ўжо пасля свята. Для параўнання: летась упрыгожыць сталіцу каштавала 2 мільярды рублёў.

Новая ілюмінацыя з’явіцца і ў час чэмпіянату свету па хакеі. Асноўныя пляцоўкі: “Чыжоўка-арэна” і “Мінск-арэна”. Але гэтыя праекты  яшчэ распрацоўваюцца, а навагоднюю ілюмінацыю плануюць дарабіць да 15 снежня.

На першым фота - дызайн ілюмінацыі ад вуліцы Убарэвіча да вуліцы Галадзеда ў Мінску.

Фота і дызайн-матэрыялы прадастаўленыя прадпрыемствам "Мінгарсвятло".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі