Аднадумцы Паўлаўца і Алімкіна пагражаюць: Засумавалі па ветлівых людзях
Пасля затрымання ў Беларусі публіцыстаў, якія пісалі за “рускі мір”, іх аднадумцы досыць рэзка адрэагавалі на сітуацыю.
Шэф-рэдактар “Рэгнума” (на гэтым сайце публікаваліся затрыманыя) Юрый Баранчык у матэрыяле за 8 снежня прапаноўвае расійскім ўладам перастаць пастаўляць нафту на Наваполацкі НПЗ, калі “Белоруссия” не перастане прадаваць пераробленыя прадукты ў Прыбалтыку.
“Беларусь відавочна не мае патрэбы ў гэтай імперскай нафце. Дык навошта настойваць і сыпаць соль на цукар?” — здзекуецца Баранчык і публікуе цытату яшчэ аднаго свайго калегі-беларуса, Сяргея Шыптэнкі: “Засумавалі па ветлівых людзях”.
Навапалачанін Яўген Канстанцінаў выказвае гэтую думку яшчэ больш канкрэтна. Але адрасуе яе ўжо расійскім уладам:
“Увогуле прыводзіць у шаленства гэты ідыятызм. Нейкую грэбаную Сірыю абараняюць, а тут пад бокам такое творыцца, і пофіг”.
Журналіст Арцём Бузіла піша пра татальную люстрацыю пасля перамогі “рускага міру”.
“Не важна, хто перад намі: украінскі майдаўн, беларускі свядомы, расійскі лібераст ці малдаўскі румынаўнаніст — пасля канчатковай перамогі “рускага міру” грамадства павінна быць падвергнутае татальнай люстрацыі ад гэтых суб’ектаў. Каму — зона з еўрарамонтам, каму — чамадан, вакзал, гейропа”.
Вядомы бабруйскі блогер і медык Канстанцін Таўстаногаў піша пра гульню ў шашкі:
“Дзейнасць нашых органаў па спыненні экстрэмізму ўсё больш нагадвае, паводле трапнага выражэння класіка, “засцерагальны клапан сацыяльнай напружанасці”. Ці гульню ў шашкі. Хлоп, злопалі “белую” — прарасійскі актывіст. Хлоп — “чорная”… ”
Следчы камітэт Беларусі паведамляе, што ў дачыненні да Юрыя Паўлаўца і Дзмітрыя Алімкіна распачатая справа за распальванне варожасці.
Абодва фігуранты і блізка не былі медыйнымі асобамі. Паўлавец выкладаў гісторыю ў БДУІР. Ён мае ў Фэйсбуку ўсяго 502 сяброў.
У Дзмітрыя Алімкіна ў сацсетках усяго пару дзясяткаў сяброў. Чалавек ціха сабе жыў у Брэсце, меў вышэйшую адукацыю, тры апошнія гады працаваў вартаўніком у школе. І, як аказалася, папісваў на “Рэгнум”.