Сямашка пра кошты на аўто “БелДжы”: Філантропам дзяржава не можа выступаць

Сямашка пра кошты на аўто “БелДжы”: Філантропам дзяржава не можа выступаць

Завод "Белджы" прапануе беларусам набыць першы айчынны легкавы аўтамабіль Geely Atlas па кошце ад 17 да 25 тысяч долараў. Па словах віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі, гэта цалкам канкурэтны і прымальны кошт. І прадаваць машыну мясцовым аўтааматарам больш танна вытворца не будзе.

Сямашка: “Вы ж разумееце, што ў любым бізнесе ёсць такое паняцце, як сабекошт. І філантропам, спонсарам не можа выступаць дзяржава. Мы для чаго заводы будуем? Каб стварыць новыя працоўныя месцы, каб нарадзіць новага падаткаплацельшчыка. Каб у рэшце рэшт даць сваім людзям больш канкурэнтны па ўсіх параметрах прадукт. З пункту погляду тэхнічных параметраў, надзейнасці і кошту. Дык вось, калі ўзяць тую мадэль, якая зараз ідзе па канвееры, то аналаг яе ― Kia Sportage. Па рухавіку, па наборы пакетаў ― адзін да аднаго. У параўнанні з гэтай машынай і некаторых іншых вытворцаў мы паставілі кошт на свой аўтамабіль крыху ніжэйшы. І гэта цалкам канкурэтны кошт адносна іншых мадэляў”.

Тым не менш, як паведаміў сёння падчас выступу ў Палаце прадстаўнікоў намеснік міністра прамысловасці Аляксандр Агароднікаў, ужо падрыхтаваны праект прэзідэнцкага ўказу аб дзяржаўным субсідаванні пры набыцці прадукцыі завода "БелДжы". Указ скіраваны на падтрымку беларускага пакупніка, а таксама на “раскрутку рынка”. На стол кіраўніку краіны дакумент, па словах Уладзіміра Сямашкі, павінен легчы бліжэйшымі днямі. Праўда, умовы атрымання субсідыі віцэ-прэм’ер не агучыў.

Адначасова Уладзімір Сямашка супакойвае: ужо ў лютым "БелДжы" выпусціць першую партыю “народнага аўтамабіля” — коштам ад 9,5 да 11,5 тысяч долараў у залежнасці ад камплектацыі. Што праўда, гэта будзе не “паркетнік”, а седан FE3.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі