Сяргей Башлыкевіч: Гурт “РСП” — мае куміры!

Еўрарадыё: Калі ты вырашыў, што твае песні — ужо не проста забавы для сяброў на кватэрніках? З чаго пачалася твая творчая дзейнасць?

Сяргей Башлыкевіч: Я нават вучыцца граць на гітары не хацеў! Мне яе падарылі, калі я быў выпускніком школы. Гітара збірала пыл некалькі гадоў, а пасля я вырашыў навучыцца на ёй граць. Спачатку спрабаваў проста сумяшчаць свае вершы з “дрынканнем” на гітары.

Дэманстрацыяй торчасці гэта стала, дзякуючы пабліку “Кватэрнікі Мінска”, праз каторы я актыўна ладзіў канцэрты 4 гады. Значным штуршком для мяне стаў фэст “Купалаўскія вакацыі”, які праводзіць музей імя Янкі Купалы. Я паўдзельнічаў у намінацыі “Аўтарская песня” з песняй “Касінерам”, якую напісаў адмыслова для гэтага фэста.

Еўрарадыё: Песня “О, Купала!” з’явілася да гэтага фэсту ці пасля?

Сяргей Башлыкевіч: Значна пазней (смяецца). Быў такі парыў! І добра, што музей яе прыняў. Я перажываў за гэта, бо песня ж такая хуліганская! Але зараз я рэгулярна яе спяваю.

Еўрарадыё: Нарэшце надышоў час і сольных канцэртаў!

Сяргей Башлыкевіч: Так! Кватэрнікі, музейнікі — зараз нарэшце з’явіўся гурт Leibonik! Я паціху “аброс” музыкамі і канцэртамі.

Еўрарадыё: Leibonik — гэта назва гурта ці ўсё ж нікнэйм, па якім ты вядомы ў сацсетках?

Сяргей Башлыкевіч: Само слова Leibonik пайшло яшчэ са школы. Тады я любіў чытаць Уолтэра Мілера, у якога ёсць серыя кніг пра Святога Лейбавіца. Слова “Лейбавіц” падалося маім сябрам цяжкім, і яны спрасцілі яго ў “Leibonik”. Я стаў падпісвацца “Лейбонікам”. Гэты нікнэйм прайшоў са мной праз студэнцтва і перайшоў на музыку.

Былі думкі, што трэба прыдумаць больш асэнсаваную ці больш зразумелую назву для гурта.  Але, напэўна, лянота тут вырашаючы фактар (смяецца).

Еўрарадыё: 2014 год прынёс табе першы статус у музычным свеце — гурт Leibonic стаў “Адкрыццём году” па версіі партала tuzin.fm. Як вы паставіліся да гэтага?

Сяргей Башлыкевіч: Было вельмі прыемна, што нас неяк заўважылі. Вядома, гэта аванс і яшчэ шмат працы наперадзе.

Еўрарадыё: Але да гэтага часу ў вас няма афіцыйных запісаў песень.

Сяргей Башлыкевіч: Я звычайна нікому не расказваю гэтую гісторыю, але яшчэ раз распавяду. Пасля першага курса я запісаў альбом “Девочка и мотылёк”. Гэта быў такі светлы наіў і вельмі рамантычны запіс! Усё запісваў дома — амаль што на кухонны камбайн! (смяецца) Гэта быў мой першы запіс, які б я зараз куды-небудзь схаваў.

А калі сур’ёзна, я думаю, што ў гэтым годзе мы нарэшце нешта запішам. У маіх планах вялікі альбом на дзве паловы, бо альбомы на 6-7 песень мне не зразумелыя.

Еўрарадыё: Падзеліце дэбютнік на сур’ёзную і несур’ёзную часткі?

Сяргей Башлыкевіч: Так, я б зрабіў “B-side” —  “Башлыкевіч-side” —  дзе б я выконваў песні сольна ці ў складзе трыа. Для гэтай часткі я адбяру сур’ёзныя песні. А несур’ёзныя песні я б пакінуў для “L- side” —  “Leibonik-side”, дзе была б уся наша “весялуха”. Будзем рабіць рэвізію творчасці і вырашаць, якія з песень трапяць на запіс.

Еўрарадыё: Як увогуле з’явілася ідэя стаць “сур’ёзным” гуртом і змяніць вектар творчасці?

Сяргей Башлыкевіч: Я заўсёды пісаў розныя песні. Я адначасова спяваў і “весялуху” і нешта сур’ёзнае. Але такія песні як “Аліварыя” лепш запамінаюцца людзям. Напэўна, да гэтых песень меньш патрабаванняў у слухача —  дастаткова проста, каб было весела.

Еўрарадыё: Колькі прозвішчаў пісьменнікаў ты можаш пералічыць зараз? І хто наступны ў тваёй калекцыі?

(Для тых, хто не ў тэме, патлумачым, што на сваіх канцэртах Сяргей з’яўляецца ў чорнай цішотцы з прозвішчам каго-небудзь з беларускіх пісьменнікаў — заўв. Еўрарадыё).

Сяргей Башлыкевіч: Наступны —  Цішка Гартны! Праводжу рэвізію беларускай літаратуры. Усяго ў мяне 6 такіх “спойлераў” —  Алесь Гарун, Ядвігін Ш., Паўлюк Багрым, Уладзімір Караткевіч, Максім Танк. На гітары ў нас традыцыйна грае Міхась Чарот, на клавішах — Якуб Колас, а Васіль Быкаў —  на кахоне.

Еўрарадыё:  Да музыкі сур’ёзна ставішся ці гэта ўсё ж хоббі?

Сяргей Башлыкевіч: Як у большасці непрафісійных музыкантаў, асноўную частку жыцця займае праца. Я гуляю ў “Што? Дзе? Калі?”. Да нядаўняга часу я выкладаў ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, хоць гэта ўсё ж таксама хобі. Гэтая праца давала мне прафесійнае развіццё, ды і проста было цікава са студэнтамі! Але са з’яўленнем гурта дадаліся рэпетыцыі. І тыя гадзіны, якія раней займаў універсітэт, занялі рэпетыцыі.

Еўрарадыё:  Куды цябе запрашаюць з канцэртамі па-за межамі сталіцы?

Сяргей Башлыкевіч: У “кватэрнікавы” перыяд я даволі шмат ездзіў з канцэртамі —  быў ва ўсіх абласных цэнтрах і іншых буйных гарадах. Зараз я вырашыў зрабіць невялікі творчы перапынак, каб песні спяваліся больш свежа.

Еўрарадыё:  Якія надзённыя тэмы цябе натхняюць на стварэнне гумарыстычных песень?

Сяргей Башлыкевіч: Усё адбываецца вельмі стыхійна. Няма такога, каб я задумваўся над тэмай, “каркас” песні я звычайна раблю вельмі хутка. А вось самі песні звычайна пішуцца даволі доўга.

Еўрарадыё: Папулярнасць у музычным асяроддзі неяк паўплывала на тваё жыццё?

Сяргей Башлыкевіч: Я не лічу сябе вельмі папулярным. Прыемна, што звярнулі ўвагу на маю творчасць. У мяне няма запісаў, няма прэзентацый. Ёсць толькі канцэрты, дзе я магу паказаць сябе. І ў гэтым плане вельмі складана казаць пра нейкае павышэнне папулярнасці. Прыемна чуць, што мы —  каманда, якая падае надзеі. Але трэба яшчэ шмат зрабіць, каб гэтыя словы сталі жыццём.

Еўрарадыё: Ці з’яўляецца для цябе канкурэнтам гурт “Разбітае сэрца пацана”?

Сяргей Башлыкевіч: Ні ў якім разе! Гэтыя людзі —  мае куміры. У нас нават быў сумесны канцэрт. І мне было вельмі прыемна, што Leibonik і “Разбітае сэрца пацана” сталі ў адзін шэраг. Па драйву і па тэкстах гэты гурт з’яўляецца для мяне прыкладам, гэта ўнікальны гурт для Беларусі. У мяне ёсць песня “Актывіст”, якая была напісана як раз пад уплывам ад творчасці  гурта “Разбітае сэрца пацана”.

Еўрарадыё: Ёсць іншыя беларускія гурты, якія цябе натхняюць?

Сяргей Башлыкевіч: Я з задавальненнем хадзіў на канцэрты гурта Haina. Мне вельмі падабаецца іх творчасць. Мы разам былі намінаваныя на “Адкрыццё году” падчас узнагародаў ад tuzin.fm. І я быў упэўнены, што абяруць менавіта іх. Гэта вельмі круты гурт не толькі для Беларусі!

Таксама мне вельмі падабаецца беларускамоўны альбом Navi “Сонцам сагрэтыя”. Я нават падумаў, што цікава было б некалі зрабіць такі ж акустычны альбом. Увогуле я сачу за беларускай музыкай і навінамі. І скажу, што ў Беларусі можна знайсці цікавую музыку на любы густ і настрой!

Фота: Павел Аксіновіч, Яўген Ерчак, Аксана Раманец, Алесь Кот-Зайцаў, Яўген Цінкевіч, Аліса Ахрамовіч

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі