Сяргей Гурэнка заявіў, што застанецца галоўным трэнерам ФК "Дынама-Мінск"
Сяргей Гурэнка застанецца галоўным трэнерам футбольнага клуба "Дынама-Мінск" на наступны сезон. Пра гэта спецыяліст заявіў у інтэрв'ю парталу tut.by.
Гурэнка распавёў, што ў яго была гутарка на гэты конт з уладальнікам клуба Юрыем Чыжом: "Сустракаліся, усё абмеркавалі. Так, кантракт я не падпісаў, але гэта не так важна. У нас з Юрыем Аляксандравічам зусім іншыя адносіны — сяброўскія. Ён спытаў, ці гатовы працягнуць трэніраваць галоўную каманду і як я далей бачу развіццё "Дынама". Гэта значыць ключавыя моманты прагаварылі, а паставіць подпіс пад пагадненнем — справа часу".
Гурэнка не ведае, на які тэрмін можа быць разлічаны новы кантракт. ""Гэта залежыць ад таго, наколькі я цікавы клубу. Пакуль магу сказаць, што застаюся ў "Дынама", — заяўляе трэнер.
Ён заявіў, што хоча быць карысным клубу і такую выбудаваць структуру, каб надалей "Дынама" не залежала ад яго ці кагосьці яшчэ.