Сёлета валютная выручка Беларусі скарацілася на 6,5 млрд долараў
Альбо на 15,1%. У студзені-кастрычніку валютная выручка склала 36,6 млрд долараў.
Паступленні ад экспарту тавараў склалі амаль 30 млрд долараў і знізіліся на 20% (або 7,5 млрд долараў) у параўнанні са студзенем-кастрычнікам 2012 года.
Міністэрства эканомікі тлумачыць зніжэнне беларускага таварнага экспарту змяншэннем попыту на беларускую прадукцыю.
БелаПАН нагадвае, што скарачэнне беларускага экспарту ў студзені-кастрычніку ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам абумоўлена таксама амаль поўным спыненнем паставак на знешнія рынкі растваральнікаў і змазачных матэрыялаў.
Як паведамлялася раней, у жніўні 2012 года Беларусь амаль поўнасцю спыніла экспарт растваральнікаў і змазачных матэрыялаў. На гэты крок кіраўніцтва краіны пайшло па патрабаванні Расіі, якая стала падазраваць, што Беларусь пад выглядам растваральнікаў і змазачных матэрыялаў пастаўляе на знешнія рынкі нафтапрадукты, што дазваляла рэспубліцы не пералічваць пошліны ў расійскі бюджэт.
Фота — Fotolia