Сёння могуць сфармаваць новы ўрад Украіны, у яго склад прапануюць Руслану
У аўторак раніцай працягне працу Вярхоўная Рада.
Выконваючы абавязкі прэзідэнта, спікер парламента Аляксандр Турчынаў лічыць фармаванне кааліцыйнага ўраду народнага даверу адной з галоўных задач Рады. Паводле яго слоў, у апошнія дні ішлі актыўныя кансультацыі ў гэтай справе.
Як адзначае espreso.tv, у склад новага ўраду можа ўвайсці вядомая спявачка, удзельніца Майдану Руслана. Яна будзе прадстаўніцай "грамадскага сектару". Дарэчы, напярэдадні з'явіўся зварот групы актывістаў Майдану да палітыкаў. Яны заклікалі фармаваць урад "з прафесіяналаў, якія маюць незаплямленую рэпутацыю".
"Майдан не дазволіць нікому прыватызаваць перамогу", — гаворыцца ў заяве, якую падпісалі такія асобы, як згаданая Руслана, Святаслаў Вакарчук, Дзмітро Яраш (кіраўнік "Правага сектару"), Алег Міхнюк ды іншыя.
Сёння ва Украіне стартуе прэзідэнцкая выбарчая кампанія. Як вядома, выбары прызначаныя на 25 траўня.
Фота — ria.ru