Сёння на "Барысаў-Арэне" згуляюць футбольныя зборныя Беларусі і Францыі
У аўторак, 6 верасня, на "Барысаў-Арэне" згуляюць футбольныя зборныя Беларусі і Францыі. Гэта будзе стартавы паядынак каманд у адборы на чэмпіянат свету 2018 года. Ён пачнецца ў 21.45, жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале "Беларусь 2". Усе білеты ўжо прададзеныя.
Як вядома, у групе А акрамя Беларусі і Францыі, віцэ-чэмпіёна Еўропы, таксама выступяць зборныя Галандыі, Швецыі, Балгарыі і Люксембурга. У фінальную частку сусветнага першынства наўпрост выходзіць пераможца групы. Другое месца дае шанец на стыкавыя матчы. Галоўны трэнер беларускай зборнай Аляксандр Хацкевіч напярэдадні матчу сказаў, што задача-мінімум для нашай каманды — заняць у групе месца, не ніжэйшае за трэцяе. Але гэта не значыць, што яна не будзе змагацца за выхад на сусветнае першынство.
Хацкевіч перакананы, што з боку французаў не можа быць ніякай недаацэнкі. Гэта пацвердзіў і галоўны трэнер французскай футбольнай зборнай Дыдзье Дэшам. Паводле яго слоў, французам вядома, як дзейнічае кожны беларускі футбаліст.
Беларуская федэрацыя футбола падрыхтавала да сённяшняга матчу флэш-моб — кожны заўзятар атрымае майку зборнай Беларусі з нацыянальным арнаментам і беларускамоўным надпісам "Белыя крылы".