Сёння зноў судзяць журналіста Аляксандра Баразенку

Сёння зноў судзяць журналіста Аляксандра Баразенку

10 кастрычніка ў судзе Першамайскага раёна Мінска аднаўляецца судовы працэс над аператарам тэлеканала "Белсат" Аляксандрам Баразенкам, паведамляе прэс-служба БАЖ. Журналіста вінавацяць у парушэнні аўтарскіх правоў на гандлёвы знак "Белсат".

Яшчэ ў сакавіку Баразенку затрымалі, і аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі склаў на яго пратакол. Тэлеаператара дапытвалі ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, дзе ён адбываў 15-сутачны арышт. На відэатэхніку Баразенкі, па яго словах, наклеілі самаробныя налепкі з лагатыпам тэлеканала "Белсат" і забралі яе да рашэння суда.

Паралельна з гэтым 31 сакавіка ў мінскіх офісах тэлеканала адбыліся ператрусы. У рамках справы аб парушэнні аўтарскіх правоў міліцыя забрала тэхніку з двух памяшканняў, а таксама асабістую тэхніку яшчэ аднаго журналіста — Аляксандра Любенчука

Гэтую справу суд разглядаў ужо ў жніўні. Тады шэраг сведкаў пацвердзіў словы Баразенкі, што на яго тэхніцы не было маркіроўкі тэлеканала "Белсат". Улічыўшы вялікую колькасць парушэнняў у пратаколе, суддзя Дзмітрый Цыкал адправіў пратакол у міліцыю на дапрацоўку. 

Калі журналіста прызнаюць вінаватым, яму пагражае штраф ад 460 да 1150 рублёў. Таксама будзе канфіскаваная ўся тэхніка, забраная ў Баразенкі і на офісах тэлеканала.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі