Былы кіраўнік "Белінвестбанка" асуджаны на 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
Андрэй Брышцелеў
Былы кіраўнік "Белінвестбанка" Андрэй Брышцелеў асуджаны на 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у "атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры, асобай, якая займае адказнае становішча". Брышцелеў таксама аштрафаваны на 80 тысяч рублёў. Яго на 5 гадоў пазбавілі права займаць пасады, "звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых, адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў і юрыдычна значных дзеянняў".
Пра затрыманне Андрэя Брышцелева па справе аб атрыманні хабару стала вядома два гады таму. Справу ў закрытым рэжыме з канца мінулага года разглядаў Мінскі гарадскі суд. Таксама былі асуджаны былы выканаўчы дырэктар "Белінвестбанка" Андрэй Раманенка (за "злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі" і "дапамаганне ў дачы хабару") і начальнік аднаго са структурных падраздзяленняў банка Ігар Піскуноў (за "злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі"). Іх прысуды Генпракуратура не назвала.
Брышцелеў узначальваў Белінвестбанк з 2017 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.