Сямейная пара ўз'ядналася праз 25 гадоў і знайшла згублены пярсцёнак. #ІхНоравы
#ІхНоравы
Звычайна мы чытаем міжнародныя навіны, каб не забываць, што заўсёды можа быць горш. Але часам мы чытаем іх, каб нагадаць сабе, што добра таксама можа быць.
Сёння пачнём агляд з добрых навін, а не як звычайна.
Другі шанс
Амерыканцы Дэвід і Ліса пазнаёміліся ў 80-я. Дэвід кажа, што тады ён быў "бэд боем", любіў вечарынкі, і праз восем гадоў шлюбу Ліса вырашыла з ім развесціся.
Дэвід завязаў з алкаголем праз год пасля разводу. І вось ён сядзеў з братам на прычале — і выпадкова выпусціў у ваду пярсцёнак, які працягваў насіць, нягледзячы на тое, што жонка ад яго сышла.
Прайшло 25 гадоў... і Дэвід з Лісай вырашылі, што яны ўсё яшчэ хочуць быць разам. Пара пайшла да таго самага прычала, дзе Дэвід згубіў пярсцёнак, і наняла каманду дайвераў (самі разумееце навошта). І так, здарыўся цуд: праз столькі гадоў яны адшукалі згублены пярсцёнак! Калі першага цуду — уз'яднання пасля ўсіх гэтых гадоў — вам не хапіла.
Бачыце, у свеце ёсць і добрыя навіны. Але пра іншыя мы вам таксама раскажам.
Як зарабляюць папулісты?
Колькасць ахвяраванняў радыкалам у апошнія гады вырасла. Чвэрць палітычных ахвяраванняў у Еўрасаюзе ідзе на падтрымку крайне правых, крайне левых і ў цэлым крайне папулісцкіх рухаў і партый.
Каб прыйсці да гэтай высновы, журналісты і даследчая група Follow the Money вывучылі гадавыя справаздачы больш чым 200 партый у 25 краінах.
На наступным тыдні маюць прайсці выбары ў Еўрапейскі парламент. Паглядзім, ці гатовыя еўрапейцы аддаваць радыкалам не толькі грошы, але і галасы. Апытанні ўжо нейкі час паказваюць, што кансерватараў, еўраскептыкаў і прарасійскія партыі гатовыя падтрымаць нечакана многія.
Накрылі найбуйнейшы ботнэт
Ботнэт — гэта сетка камп'ютараў, якія заражаныя шкоднасным ПЗ і кантралююцца ашуканцамі. Днямі знішчаны самы буйны ботнэт у свеце. Абясшкоджвалі сетку таксама ўсім светам. Для гэтага ФБР аб'яднаўся з іншымі міжнароднымі агенцтвамі — з Сінгапура і Тайланда — і нават з тэхгігантам Microsoft.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.