Sziget: іспанскія ска-панкі і лежпол да раніцы ў першы дзень фэсту

Галоўны жнівеньскі еўрафэст Sziget насамрэч грыміць чацвёрты дзень, але да гэтага праграма была лакальнай. Афіцыйным пачаткам стала 12 жніўня і канцэрты Nouvelle Vague, Ska-P, Snow Patrol і Lily Allen.
Такім чынам, 17-ы па ліку Sziget Festival пачаўся на традыцыйным месцы — рачным востраве Абудай ў цэнтры Будапешта.



Сігет будавалі 15 дзён і спатрэбілася для гэтага 6 тысяч чалавек. І вынік: 78 месцаў, дзе наведвальнік можа знайсці што-небудзь цікавае: музыку, шоў, танцы, тэатры, атракцыёны, рэлакс, майстар-класы па танцах, ежу ўсіх кухань, выпіўку, крамы з сувенірамі і адзеннем і... дапішыце свой варыянт.



Ва ўсёй гэтай разнастайнасці можна згубіцца, але нават скачучы з месца на месца, цяжка не заўважыць што-небудзь вырываючае мазгі. Глядзіце, што пабачыла Еўрарадыё.





Ska-P
(па-іспанску вымаўляецца як “эскэйп”) — экспрэсіўныя іспанскія ска-панкі, якія змаглі яшчэ а 16:00 сабраць цэлае поле людзей. Падчас выступлення музыкі крыўляліся, скакалі, паказвалі язык, пераапраналіся ў паліцэйскіх, цётачак з парасонамі, у клоўнаў на хадулях з косамі, а калі гралі на біс — элегантна агалілі два зады і паказалі натоўпу. Усё гэта непамерна ўзбудзіла фанатаў Ska-P, якія яшчэ з раніцы ў вялікай колькасці гулялі па Сігету ў каляровых іракезах.





Падчас выступлення было заўважана ноў-хаў у стэдж-дайвінгу — не скокаць у натоўп, а "плыць па ім" на надзіманай лодцы.







Nouvelle Vague — малады гурт "новай хвалі" з Францыі, дзе вакалісткамі з’яўляюцца дзве дзяўчыны, адна з якіх — вельмі прыгожая бландынка з рухамі галлівудскай супер-зоркі. Яна спявала рэзкія тэксты, кшталту кавера на “Too drunk to fuck” Dead Kennedys, прасіла натоўп пакрычаць, спускалася са сцэны і бегала па дарожцы да гукачоў, дакранаючыся да рук фанатаў. Нават кранула за плячо ахоўніка, і той нечакана пачаў усміхацца — што дзіўна для ахоўнікаў, самі ведаеце.









Лятаючы вулічны тэатр La Fura з Каталоніі не даў дайсці ні да адной сцэны, пакуль рабіў перфоманс з салютам і чалавечымі інсталяцыямі ў сігетаўскім амфітэатры. Прайсці міма гэтага шоу было немагчыма: галава імгненна ўздымалася угару, каб паглядзець, якой халеры 4 чалавекі падвешаныя да крану і боўтаюцца ў паветры. Пасля "падвешаных" людзей стала больш, а напрыканцы з'явілася "жывая" сцяна з 30 чалавек, якая лётала па небе і стварала касмічнае пачуццё скажэння прасторы. La Fura ўпершыню выступалі на Сігеце, і праграма, якую можна было пабачыць — "The beat of the Forest", — была спецыяльна падрыхтаваная для фэсту.




Для глыбокай ночы на Сігеце знайшлося два прывабных месцы. Адно з іх — Ambient Tent, які Еўрарадыё адразу перайначыла ў леж-пол. У гэтым тэнце не танчаць, там на ўваходзе скідаюць абутак, выбіраюць больш прывабную падушку і кладуцца адпачываць і слухаць рэлаксуючую музыку. А 4 гадзіне раніцы амаль што ўсе засынаюць, але нікога гэта не турбуе, дыджэй нават рады, што змог убаюкаць наведвальнікаў, бо гэта і ёсць галоўны сэнс Эмбіэнт Тэнту.



Другое месца, больш актыўнае — гэта Sziget Afterparty. Клуб Mocca Cuka, які стала працуе цягам году, падчас Сігету пераўтвараецца ў вялікую опэн-эйр дыскатэку з музыкай і танцамі нон-стоп. Пад раніцу там любяць заводзіць міксы на Depesh Mode і іншых рокераў. Усё гучна і з хуткім рытмам, каб толькі не заснулі.

Мы і не заснулі.



...працяг будзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі