Таццяна Караткевіч: Наступны выступ будзе па-беларуску
Пасля таго, як на тэлеканале "Беларусь 1" паказалі выступ кандыдаткі ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч, Еўрарадыё датэлефанавалася да палітыка. Караткевіч распавяла, што запіс на тэлевізіі даўся ёй няпроста:
Караткевіч: "Цяжка сказаць, што гэта такая справа, якая падабаецца. Я пасля выступу на БТ пайшла на пікет і там дзве гадзіны паразмаўляла з людзьмі. Гэта мне дастаўляе больш прыемнасцяў. Гэта больш цікава".
Караткевіч кажа, што сваю прамову для выступу рыхтавала два тыдні. Але падчас запісу гаварыла без падрыхтаваных папераў і дапамогі тэхнічнага суфлёра.
Дарэчы, сённяшняя прамова Караткевіч гучала па-руску. Палітык тлумачыць гэта тым, што вялікая частка жыхароў Беларусі размаўляе па-руску і з цяжкасцю разумее беларускую мову. Але другі свой выступ яна абяцае прамаўляць па-беларуску.