Талай расказаў, што з акупаванай Украіны ў Беларусь вывезлі дзяцей-інвалідаў

Аляксей Талай (злева) працягвае расказваць, як вывозяць украінскіх дзяцей

Аляксей Талай (злева) працягвае расказваць, як вывозяць украінскіх дзяцей / mfa.gov.by

Аляксей Талай расказаў, што з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь вывезлі дзяцей-інвалідаў. Ён кажа, што яны з Данбаса і праходзяць рэабілітацыю. Талай адзначыў, што дзяцей пачнуць прымаць рэгіёны РБ, якія дагэтуль у гэтым "праекце" не ўдзельнічалі — Брэсцкая і Гродзенская вобласці. Наступныя групы вывезеных з Украіны дзяцей павязуць менавіта туды, піша sb.by.

А яшчэ Аляксей Талай расказаў, што "цяпер па ўсёй Беларусі... збіраюцца гуманітарныя грузы", якія вязуць на акупаваную Расіяй тэрыторыю Украіны (у той жа Марыупаль). "Дзясяткі тон грузаў", — дадае ён.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі апраўдваецца за вываз украінскіх дзяцей і адначасова працягвае іх прывозіць. Лукашэнка вельмі нервова каментуе весткі пра спробы адправіць яго ў Гаагу.

У сакавіку 2023-га Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай па правах дзіцяці РФ Марыі Львовай-Бяловай. Абое яны нясуць адказнасць за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. У красавіку Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прызнала генацыдам прымусовую дэпартацыю ў Расію дзяцей з Украіны. Аляксандр Лукашэнка і яго рэжым прызнаныя датычнымі да гэтага злачынства. У такой сітуацыі Міжнародны крымінальны суд заклікаюць разгледзець магчымасць выдачы аналагічнага ордара на арышт Лукашэнкі. Дзейнасцю па вывазе дзяцей прадстаўнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі зацікавіліся і ўлады Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі