Таямнічая хвароба ў Індыі
Таямнічая хвароба на поўдні Індыі. У крыві хворых знайшлі цяжкія металы, паведамляе "Бі-Бі-Сі". У горад Элуру (штат Андхра-Прадэш), дзе днямі памёр чалавек і больш за 500 мясцовых жыхароў было шпіталізавана (большасць з іх ужо ачунялі), урад накіраваў групу медыцынскіх экспертаў. Яны павінны высветліць, што гэта за невядомая хвароба. Яе праявы разнастайныя, але асноўнымі з'яўляюцца млоснасць, сутаргі і страта прытомнасці. Сцвярджаецца, што хвароба не перадаецца ад чалавека да чалавека.
Медыцынскія эксперты, якія працавалі на месцы, кажуць, што прычынай хваробы не маглі стаць забруджванне вады і паветра. Яны чакаюць вынікаў лабараторных даследаванняў. Аднак ужо цяпер ёсць даныя пра падвышанае ўтрыманне ў крыві людзей большасці узораў свінцу, нікеля і іншых цяжкіх металаў. Справай зацікавіліся эксперты па кантролю за атрутнымі рэчывамі (згадваюцца хімічныя дадаткі да пестыцыдаў, якія выкарыстоўваюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы). Таксама чакаецца прыезд спецыялістаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
Новая хвароба з'явілася ў Індыі падчас пандэміі каранавіруса. Аднак спецыялісты яе не звязваюць з COVID-19. У пацыентаў яго не выявілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.