Тэрарысты напалі на завод у Францыі (абноўлена)
Адзін з іх забіты, адзін паранены. У зламыснікаў былі невялікія выбуховыя прыстасаванні.
Чарговы тэракт адбыўся ў Францыі. Раніцай 26 чэрвеня ў горадзе Сэн-Кантэн-Фалаўе быў здзейснены напад групы тэрарыстаў на завод звадкаванага газу. Як інфармуе ВВС, нападнікоў было двое. Яны пратаранілі браму і заехалі на тэрыторыю завода на аўтамабілі, над якім быў сцяг з надпісамі па-арабску. Машына сутыкнулася з цыстэрнай з газам, адбыўся выбух.
На дадзены момант вядома пра аднаго забітага і двух параненых.
Адзін з тэрарыстаў забіты (некаторыя СМІ паведамляюць пра абезгалоўленае цела, якое ляжала на тэрыторыі), адзін паранены, яго затрымалі, вядзецца допыт. У зламыснікаў былі невялікія выбуховыя прыстасаванні. Падкрэсліваецца, што напад учынілі ісламсты, прыхільнікі "Ісламскай дзяржавы". З прадпрыемства эвакуявалі рабочых.
Праводзіцца расследаванне. У наваколлі Ліона ўзмацняюцца меры бяспекі. Фрацузскі прэзідэнт Франсуа Аланд тэрмінова вяртаецца з саміта ЕС з Бруселя ў Парыж.
Міністр унутраных спраў Францыі Бернар Казнёў распавёў пра затрыманага. Яго імя Ясін Салі. У 2006 годзе паліцыя падазравала яго ў датычнасьці да радыкальнага ісламізму. Між тым, мясцовая газета Dauphiné Libéré (яна першай падняла трывогу) высветліла падрабязнасці біяграфіі 35-гадовага Ясіна Салі. Ён жыў у прадмесці Сан-Прыеста і трапляў у поле зроку паліцыі. Відавочцы кажуць, што ён не раз выказваў сімпатыі ў бок да Ісламскай дзяржавы, перадае Еuronews.
Мяркуецца, што разам з арыштаваным у машыне знаходзіўся яшчэ адзін тэрарыст, але гэтая інфармацыя пакуль не пацверджана.
Устаноўлена таксама, што забіты не быў работнікам завода. У паліцыі не выключаюць, што ён мог быць уладальнікам фургона, які мяркуецца, скраў тэрарыст.
Фота: AFP