Тэрэза Мэй: Вялікабрытанія выйдзе з Еўрасаюза
Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй адхіліла прапанову еўрапейскіх палітыкаў адмовіцца ад выхаду з Еўрапейскага Саюза. У інтэрв’ю нямецкай газеце Bild, апублікаваным 20 студзеня, яна заявіла, што другога рэферэндуму па “Брэксіце” ў Брытаніі не будзе.
Пры гэтым Мэй запэўнівае, што Лондан працягне супрацоўнічаць з еўрапейцамі ў пытаннях абароны, бяспекі і іншых галінах. “Мы пакідаем Еўрасаюз, але не Еўропу”, — сказала кіраўніца брытанскага ўраду.
Старшыня Еўрапейскага Савета Дональд Туск і старшыня Еўрапейскай камісіі Жан-Клод Юнкер раней прапанавалі Вялікабрытаніі не выходзіць з ЕС, нагадвае Радыё Свабода.
Калі ўрад у Лондане не зменіць сваю пазіцыю, то ў 2019 годзе “Брэксіт” набудзе моц, што прывядзе да “негатыўных наступстваў”, заявіў Туск 16 студзеня.