Тэрмінал у Клайпедзе спрабаваў праз суд ЕС аспрэчыць санкцыі на беларускі калій

Тэрмінал у Клайпедзе

Тэрмінал у Клайпедзе / ktgrupe.lt

Тэрмінал сыпкіх грузаў у літоўскай Клайпедзе (Biriu kroviniu terminalas, BKT) падаў у суд ЕС пазоў супраць Савета ЕС. Прадпрыемства патрабавала скасаваць санкцыі Еўрасаюза на транзіт беларускіх калійных угнаенняў. Рашэнне суда з'явілася на сайце.

30% акцый BKT належыць "Беларуськалію". У суд прадпрыемства падала пасля таго, як сёлета 24 лютага Савет ЕС падоўжыў санкцыі, уведзеныя ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі і падтрымкай расійскай агрэсіі супраць Украіны, а таксама асабістыя санкцыі супраць Лукашэнкі і некаторых службовых асоб. У прыватнасці, пад санкцыі трапіў і транзіт беларускага калію.

У сваім рашэнні суд ЕС адзначае, што BKT спазнілася з падачай пазову на адзін дзень.

Падаць пазоў можна было на працягу двух месяцаў. Пастанова аб санкцыях, якую хацеў адмяніць BKT, была прынятая 24 лютага, а апублікаваная 27 лютага. Згодна з працэдурамі ЕС, двухмесячны тэрмін адлічваецца з канца 14-га дня пасля публікацыі — гэта значыць з 13 сакавіка. Таксама правілы дазваляюць падаўжаць такі тэрмін яшчэ на 10 дзён — атрымліваецца, апошні тэрмін прыпадае на 23 траўня.

А BKT свой пазоў у суд Еўрасаюза падаў 24 траўня. У судзе прадстаўнікі тэрмінала заявілі, быццам меркавалі, што тэрмін для падачы адлічваецца не з канца 14-га дня пасля публікацыі пастановы, а з пачатку 15-га. Але суд не прыняў гэта пад увагу.

Пазоў BKT прызналі недапушчальным і адмовіліся разглядаць.

Літва забараніла транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз сваю тэрыторыю пасля таго, як у снежні 2021-га пачалі дзейнічаць санкцыі ЗША супраць "Беларуськалія". Транзіт беларускіх угнаенняў праз Літву спыніўся 1 лютага 2022 года. За гэтыя санкцыі "Беларуськалій" спрабуе спагнаць з Літвы мільярд еўра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі