Топ-5: навіны 14 лютага
У Гомелі прайшоў першы ў Беларусі суд "дармаеда" супраць дзяржавы
“Я ўсё адно не буду плаціць гэты падатак. Мне няма чым”, — распавядае Аляксандр Сямёнаў.
У Гомелі прайшоў суд "дармаеда" супраць дзяржавы. Гэта першы падобны працэс у Беларусі. На пасяджэнні былі заслуханы пазіцыі бакоў, а таксама заяўленыя хадайніцтвы.
Нагадаем, што жыхар Гомеля Аляксандр Сямёнаў хоча, каб суд прызнаў, што ён не з’яўляецца дармаедам, а сам "падатак на дармаедства" супярэчыць Канстытуцыі.
На судзе Аляксандру Сямёнаву дапамагае супрацоўнік незалежнага прафсаюза РЭП, юрыст і праваабаронца Леанід Судаленка.
Школьнік, якога вінавацяць у нападзе з нажом на настаўніцу, прайшоў праверку на паліграфе. Пра гэта распавядаюць крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй. Аднак у праваахоўных органах гэтую інфармацыю не пацвярджаюць, але і не абвяргаюць. Прычына ў тым, што справа ўжо перададзена ў суд.
Акрамя таго, з’явілася інфармацыя, што па справе аб нападзе на настаўніцу першапачаткова затрымлівалі адразу дваіх вучняў.
Лукашэнка паабяцаў бізнесу, што ціску не будзе: Нічога не бойцеся!
У 2016 годзе доля пазапланавых праверак у Беларусі склала амаль 80% ад агульнай колькасці па краіне. Летась у нашай дзяржаве правялі каля 50 тысяч планавых і каля 200 тысяч пазапланавых праверак.
З гэтай нагоды Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад дзяржаўных структур спыніць татальны кантроль. А бізнесменам кіраўнік краіны прапанаваў расказваць яму пра існуючыя праблемы, уносіць канструктыўныя прапановы і нічога не баяцца.
Фота: прэс-служба прэзідэнта
Удзельнікі прарасійскага пікета лічаць несправядлівымі штрафы за іх акцыю ў цэнтры Мінска. А, па словах аднаго з пікетоўцаў, пасля таго, як гэтая гісторыя атрымала рэзананс, яму і нават яго дзецям сталі прыходзіць пагрозы аб расправе.
Беларускім школьнікам рэкамендуюць не святкаваць Дзень святога Валянціна. Чыноўнікі сцвярджаюць, што гэтае свята з’явілася ў Старажытным Рыме ў той час, калі імперыя перажывала маральны заняпад.