Топ-5: навіны 15 траўня
“Перамога ці здрада”? Абмяркоўваем "Еўрабачанне" з Максімкавым і Бонд (відэа)
На сёлетнім конкурсе Еўрабачанне беларускі гурт NAVIBAND заняў 17-е месца з 26-ці.
Максімальныя 12 балаў наша краіна атрымала ад журы Азербайджана і Украіны. Сярод гледачоў найбольшую адзнаку ў 8 балаў беларусам паставілі таксама ўкраінцы.
Тое, чаму іншыя нашы суседзі не прагаласавалі за нас, і чаму беларусы не прагаласавалі за суседзяў, у эфіры Еўрарадыё абмеркавалі тэлепрадзюсар Уладзімір Максімкаў і шоувумэн Ганна Бонд.
Беларускі парламент адмовіўся змяніць існуючую выбарчую сістэму на змешаную і праводзіць выбары па партыйных спісах.
У заканадаўчым органе ўпэўненыя, што такое рашэнне можна прыняць толькі праз рэферэндум. Пра гэта Еўрарадыё распавёў старшыня партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін.
А вось старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына лічыць, што парламент і без усенароднага галасавання можа змяніць выбарчую сістэму.
15 траўня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з турэцкім прэзідэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Перамовы кіраўнікоў Беларусі і Турцыі прайшлі падчас форуму "Адзін пояс — адзін шлях", які адбываецца пад Пекінам.
Адзначым, што на форуме ў Кітаі Лукашэнка заявіў, што ён ганарыцца тым, што Беларусь стала першай краінай у Еўропе, якія падключыліся да будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху.
Рассельгаснагляд увёў узмоцнены кантроль прадукцыі 9 беларускіх прадпрыемстваў. Прычына ў тым, што яе якасць не адпавядае нормам Расійскай Федэрацыі і Еўразійскага эканамічнага саюза.
Сярод іншых у санкцыйны спіс патрапілі Баранавіцкі і Маладзечанскі малочныя камбінаты, а таксама таварыства "Бабушкіна крынка". У іх прадукцыі расійскія эксперты выявілі рэшткі забароненых прэпаратаў.
Камп’ютары па ўсім свеце атакуе новы вірус-вымагальнік “Wana crypt0r”. Ён шыфруе файлы такім чынам, што камп’ютар блакуецца. Ад карыстальніка патрабуюць пералічыць ад 300 да 600 долараў у біткоінах, тады яму высылаюць пароль для разблакіроўкі камп’ютара.
Чым небяспечны новы вірус і як ад яго ўратавацца, разважаем са спецыялістам па бяспецы Аляксеем Чарняевым.